РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Цікавыя факты з жыцця Івана Мележа

Факт 1. Быў вельмі сарамлівым

У асяроддзі пісьменнікаў Іван Мележ лічыўся ідэальным суразмоўцам, таму што ён ўмеў слухаць.Мележ ніколі не перапыняў суразмоўцу нават тады, калі быў нязгодны. Зрабіць жа заўвагу пісьменнік не жадаў, а можа і саромеўся… Сам жа Іван Паўлавіч вёў гутаркі спакойна, разважліва, аргументавана, нібы ўзважваючы кожнае сваё слова, кожную думку. Таму ўсе, хто хоць раз сустракаўся на жыццёвым шляху Мележам,  бязмерна даражылі яго словам.

Факт 2. Першы твор напісаў левай рукой

Упершыню пісаць творы Іван Мележ пачаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Першае ў сваім жыцці апавяданне пісьменнік быў вымушаны пісаць левай рукой, таму што знаходзіўся ў гэты час у шпіталі, у Тбілісі, дзе лячыўся ад ран.  Апавяданне мае назву “Сустрэча” і публікавалася з паметкай “Каўказ, шпіталь, 1942 год”.

Факт 3. “Палеская хроніка” была задумана як пенталогія

Усе ведаюць знакаміты твор Івана Мележа «Людзі на балоце», што з’яўляецца першай часткай трылогіі “Палеская хроніка”. Але мала хто чытаў 2 і 3 часткі гэтага рамана — «Подых навальніцы» і «Завеі. Снежань «. А між тым аўтар задумваў раман не ў 3, а ў 5 частках. Але Іван Мележ памёр, не паспеўшы ажыццявіць задуманае. Дзве ненапісаныя часткі пенталогіі нават мелі назвы — «За асакою бераг» і «Праўда вясны». Так што многія крытыкі дагэтуль спрачаюцца, як павінна была скончыцца «Палесская хроніка» на самай справе. У адным з накідаў пісьменніка, пасля яго смерці, быў знойдзены фрагмент, дзе апісваецца Вялікая Айчынная вайна і Васіль Дзяцел на ёй, які марыць вярнуцца ў родную вёску. Прыйшоўшы з вайны, Васіль бачыць, што ўсе сядзібы спалены.

Праўда, гэта толькі чарнавік канцоўкі кнігі. А якім бы ён быў на самай справе, ніхто не ведае. І проста дзіўна, што ніхто з сучасных беларускіх пісьменнікаў не хоча пафантазіраваць на гэтую тэму. Зрэшты, маёмасныя правы на спадчыну Мележа заканчваюцца толькі ў 2026 годзе. А там можа хто і напіша працяг.

Факт 4. Галоўны кансультант Мележа – яго бацька

“Палеская хроніка” пісалася на працягу многіх год. За гэты час праз Палессе прайшло многа гістарычных падзей (стварэнне Савецкай дзяржавы, ВАВ і г.д.), а Іван Паўлавіч хацеў захаваць у рамане асаблівасці сялянскага быту пачатку ХХ стг. Асноўнай гістарычнай крыніцай для пісьменніка сталі яго лісты да бацькі. У кожным з іх Іван задаваў пытанні адносна побыту, абрадаў і жыцця палешукоў. Бацька ў падрабязнасцях інфармаваў сына аб мясцовых назвах, стравах, святах, як адбываліся сельскагаспадарчыя працы, тлумачыў тэхналогію і многае іншае. Як бачым, у пісьменніка быў вельмі адказны, шчыры і вопытны кансультант. Бацька з вялікім захапленнем гэта рабіў для сына.

Факт 5. Шыў сабе абутак і змайстраваў ровар
Фраза “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім” лічыцца штампам. Але да Мележа яна падыходзіць ідэальна. Як згадваў яго аднакласнік Пятро Чарняк, у дзяцінстве Іван хадзіў у школу ў пасталах, якія сам зрабіў з лазы (пасталы – мяккі сялянскі абутак, часта зроблены з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі). Тады як астатнім вучням да чацвёртага класа пасталы плялі бацькі. Але сапраўдную славу сярод аднагодак Мележу прынесла стварэнне драўлянага ровара. Колы былі зроблены з двух арэхавых абручоў, але са спіцамі і рамай.

Факт 6. «Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся»
У жыцці Мележа былі дзве гісторыі кахання. Яго першую дзяўчыну звалі Алеся. Яна нарадзілася ў той жа вёсцы Глінішчы, што і будучы пісьменнік. Юнакі пасябравалі падчас вучобы ў Алексіцкай сямігодцы. Далей Іван працягнуў вучобу ў дзесяцігодцы, што знаходзілася ў Хойніках, а Алеся паступіла ў педагагічны тэхнікум, скончыла яго і працавала настаўніцай. Каханых разлучыла вайна. Дзяўчына засталася на акупаванай тэрыторыі, а Мележ знаходзіўся на фронце. У 1942 годзе ён быў паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. У горадзе Бугуруслан, што ў Арэнбургскай вобласці, ён пазнаёміўся з Лідзіяй Пятровай, маладзейшай за Івана Паўлавіча на два гады. У красавіку 1943-га яны, не сказаўшы нікому ні слова, пайшлі ў загс і распісаліся. Як згадвала пазней жонка пісьменніка, яны палічылі, што шлюб – іх асабістая справа і шумнага вяселля ім не трэба. Лідзія Пятрова-Мележ стала першым чытачом усіх твораў мужа.

Факт 7. Паэт “Іван Мелеш”
Напэўна, гэта быў лёс большасці беларускіх пісьменнікаў: спачатку пісаць вершы, а ўжо потым пераходзіць да прозы. Да вайны ў Мележа з’явілася некалькі паэтычных публікацый. Праўда, адна з іх была падпісана “Мелеш”. Калі паэт Мікола Аўрамчык спытаў, адкуль з’явіўся такі дзіўны псеўданім, Іван Паўлавіч, усміхнуўшыся, адказаў: “Трэба разборліва пісаць сваё прозвішча пад творам”. Праўда, захапленне паэзіяй было непрацяглым. У 1938 годзе Мележ прыехаў у Мінск на курсы-канферэнцыю маладых творцаў. І прывёз на абмеркаванне толькі адзін верш “На сенажаці”, які быў бязлітасна раскрытыкаваны. Як згадваў пісьменнік Мікола Гарулёў, некалькі дзён з Мележа было “не выцягнуць слова”. Падчас вайны пісьменнік пачаў пісаць апавяданні (адно з іх высока ацаніў Кузьма Чорны). Таму вярнуўшыся ў вызвалены Мінск, Іван Паўлавіч сказаў таму ж Гарулёву, што паэзія – эпізод у яго жыцці, які не паўтарыцца.

Факт 8. «Тут святло павінна быць, а не туманы…»
Доўгі час Іван Мележ не мог вызначыцца з назвай будучага рамана, які потым стаў называцца “Людзі на балоце”. Калі ён прынёс рукапіс у часопіс “Полымя”, дык на асобным лісце мелася ажно пятнаццаць варыянтаў загалоўка. Пісьменніка найбольш прываблівалі дзве назвы: “Людзі на балоце” і “Туманы над багнай”. Урэшце, перад тым як здаць нумар у набор, раман назвалі “Туманы над багнай”. Але, як згадваў пісьменнік Барыс Сачанка, у апошні момант з адпачынку вярнуўся супрацоўнік рэдакцыі Алесь Рылько. Яго адразу прызначылі дзяжурыць па нумары. Прачытаўшы карэктуру, Рылько засумняваўся: “Даволі змрочна ўсё гэта. А назва “Туманы над багнай” яшчэ больш прыгнятае. Першыя гады савецкай улады, тут святло павінна быць, а не туманы…” Мележ згадзіўся, дадаўшы, што назва “Людзі на балоце” яму больш па душы. “Хай ідзе ў часопісе. Калі што – потым, можа, памяняю, як буду выдаваць асобнай кніжкай…”.

Факт 9. «Людзі на балоце» ледзь не згарэлі
Як згадваў пісьменнік Васіль Вітка, аднойчы ў пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36, дзе жылі Вітка і Мележ, здарыўся пажар. Дачка Івана Паўлавіча ўзялася адпрасаваць сабе кофтачку, але пасля заканчэння работы забылася выключыць прас з разеткі. Дома тады нікога не было. Праз нейкі час пачуўся пах гарэлага, потым паказаўся дым. Першымі небяспеку заўважылі прахожыя. “Прымчаліся пажарныя, – расказваў Вітка. – Заліўшы полымя, якое ўжо рвалася з акна, па лесвіцы падняліся на балкон у кватэру. Распалены да чырвані прас ляжаў на падлозе. Стол зеўраў выгаралай дзіркай пасярэдзіне. Настольнік згарэў, тлеў разасланы пад нагамі кілім, займалася канапа…” Тым часам Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, у добрым настроі вяртаўся дадому. На двары ён убачыў натоўп людзей. Яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ збялеў. А праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале ляжаў скончаны раман “Людзі на балоце”. Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку.
“Палеская хроніка” засталася няскончанай. Дарэчы, Лідзія Пятрова-Мележ пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны ці пачуцці паміж іх дзецьмі. Але гэтым планам так і не было наканавана збыцца.

Факт 10. Стары Глушак – сусед па лецішчы
Яшчэ да таго, як з’явіліся знакамітыя лецішчы на Лысай гары, некаторыя пісьменнікі (напрыклад, Іван ШамякінАндрэй Макаёнак і Іван Мележ) атрымалі ўчасткі для будаўніцтва ў Ждановічах. Праўда, ад свайго лецішча Мележ меў не толькі станоўчыя ўражанні. Адзін ў яго суседаў, заняты канцэртнай і выкладчыцкай дзейнасцю, нячаста прыязджаў у Ждановічы. Затое ў доме пастаянна жыў яго цесць. Для аховы лецішча ён завёў сабаку. Ці то апошні быў злы па характару, ці то сабаку не кармілі і ўвесь час трымалі на прывязі, але “чацвераногі сябра” часта выў. Мележ не вытрымаў і папрасіў, каб сабаку кудысьці прыбралі, але сусед адмовіўся. Але пісьменнік знайшоў у знаёмстве свае перавагі. Часова змірыўшыся са сваім становішчам, пісьменнік пачаў прыглядацца да асобы гэтага мужчыны, каб зразумець матывацыю яго ўчынкаў. Як пісаў паэт Алесь Бачыла, Мележ прызнаўся яму, што пісаў з суседа вобраз свайго Глушака з “Палескай хронікі”.

Факт 11. Васіль і Ганна маглі пачаць усё з пачатку?
“Палеская хроніка” засталася няскончанай. Але ў нататніках Мележа засталіся запісы, якія дазваляюць меркаваць, што здарылася б з галоўнымі героямі. Так Ганна Чарнушка ўрэшце звязала бы свой лёс не з Васілём, Яўхімам, ці з Башлыковым, а з былым чырвонаармейцам Міканорам. Тым самым, які асабліва настойліва агітаваў аднавяскоўцаў будаваць грэблю. Згодна Мележу, урэшце абраннік Ганны зрабіў бы крок, які заслужыў павагу аднавяскоўцаў. Калі нейкі начальнік хацеў пакінуць калгаснікаў без хлеба, Міканор “здаў нарыхтоўкі. Выдзеліў насенне. А ўсё астатняе размеркаваў. І дачакаўся пракурора”.Васіль Дзяцел мусіў вярнуцца з франтоў Другой сусветнай. У адным з запісаў сустракаецца такая фраза: “Калі палалі Курані – сям’я (Васіля – “НВ”) загінула. Выратаваўся сынок адзін. Яго выпадковая смерць абмінула”. Дарэчы, Лідзя Пятрова-Мележа пісала, што яе муж разглядаў нават такі варыянт: позняе каханне Васіля і Ганны ці пачуцці паміж іх дзецьмі. Але гэтым планам так і не было наканавана збыцца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *