РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Адвячоркам»

Адвячоркам

Дзень ішоў на спад. Сонца астыла, выразна акрэсліваліся яго чырванаватыя краі, і рака дыхала ўжо надвячоркавай прахалодай. Высока-высока лёталі ластаўкі. Гэта прыкмета на заўтрашні пагодлівы дзень. 3 лугу да сяла павольна цягнуўся статак кароў. На лузе каля возера застылі два буслы. Ад гэтага ціхага наваколля зрабілася спакойна і нават неяк тужліва-хораша на душы, не хацелася ўставаць і не хацелася нікуды ісці. А ісці трэба было.

Сарокін узышоў на масток, пастаяў, паглядзеў на ваду. Плынь спакойная, чыстая, на паверхні плавалі спрытныя маляўкі. Далей ад берага плёснула нейкая рыбіна, і ад яе пайшлі кругі, якія плынь адразу ж і знесла. Вада заўсёды супакойвала, настройвала на філасофскі роздум. Ці не таму нашы продкі выбіралі месца каля рэк. Відаць, не толькі для таго, каб ваду з іх піць і браць, а каб і на плынь паглядзець, падумаць, супакоіцца.

Паводле В.Хомчанкі

стар.97, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.