РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Груша адцвітае»

Груша адцвітае

Груша цвіла апошні год.

Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны буйным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распускала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе ёй канца.

Аднак надыходзіла яе апошняя часіна.

Дняпро падбіраўся да яе спакваля, як разбойнік. У вечным сваім імкненні скрышыць правы бераг, ён падступаў зусім блізка да яго, руйнаваў адхоны, зносіў лазу, гвалтоўна вырываў кавалкі берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя глыбы зямлі. Потым адступаў да наступнай вясны, і трава літасціва спяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў і зноў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў.

Паводле У.Караткевіча

стар.102, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.