РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Летам у бары»

Летам у бары

Якое раздолле ў зялёным бары летам!

Вунь на высокіх кучаравых хвоях і елках смела разгульваюць шустрыя вавёрачкі. Яны спрытна зрываюць сухія шышкі ды, спяшаючыся, нясуць у сваё дупло. Усё лета заняты работай. Голад не цётка, ды і малых гадаваць трэба.

А там, па густым зарасніку, як вецер, прамчаўся спуджаны некім касавокі заяц. Відаць, яловая шышка, незнарок скінутая вавёрачкай, так напалохала яго. Доўга будзе бегчы, пакуль не ўпэўніцца добра, што ніякага ворага ззаду ў яго няма.

У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца каля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца паміж сабою. Даўгахвостыя дзятлы заўзята барабаняць па дрэвах сваімі вострымі дзюбамі. Адны з іх заняты звычайнай работай: шукаюць у кары на абед казюлек, другія — будуюць жыллё.

Розныя дробныя птушкі пырхаюць між галля. Дружным хорам шчабечуць шпакі, весела пасвістваюць івалгі і дразды. I такая дзіўная музыка грыміць у бары.

Паводле А.Якімовіча

стар.97, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.