РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Лясныя сцежкі»

Лясныя сцежкі

Лясныя сцежкі… Яны заўсёды прыемныя і загадкавыя, а часам нават таямнічыя. Не кожнаму паказвае лес дарогу да сваіх патаемных скарбонак. Усё залежыць ад чалавека. Ідзе адзін і нічога асаблівага вакол сябе не заўважае. Дрэвы як дрэвы, трава як трава. А другі, ідучы той жа сцежкай, убачыць куды больш. Толькі трэба прыгледзецца ўважлівей, і яму ахвотна раскрые лес сваю душу.

Назіраючы за тым, што адбываецца вакол, чалавек заўважае шмат. I вавёрку, што прытаілася на суку. I выбітыя на бярозцы маленькія дзірачкі, з якіх ласуецца салодкім сокам дзяцел. А гляне на мурашнік — вызначыць надвор’е на бліжэйшы час. Тонкі назіральнік, ён разумее, ад чаго гучна застагнала старая хваіна, чаму схіліліся галінкі стромкай яліны. Ён дакладна вызначыць, хто гэтак гучна пракрычаў дзесьці ў самым зарасніку.

Чалавек разумее лес, і лес разумее яго. Напоіць сокам і схавае ад дажджу, дасць адпачыць у прахалодзе дрэў і накорміць ляснымі дарамі-ласункамі.

Паводле В.Грамыкі

стар.102, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.