РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Сасна»

Сасна

Сасна расце на сухім грудку каля чыгуначнага пераезда. Тут, можна лічыць, развілка і скрыжаванне. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Вышэйшых дрэў паблізу няма, і сасна відаць здалёк. Купчастая, разгалістая, яна мала падобная да гонкіх сваіх сясцёр дзе-небудзь у бары. Сонца сасне хапае. Дажджы абмываюць пыл, які садзіцца са шляху і чыгункі, пояць сухі грудок. Усе чатыры вятры гамоняць з сасной.

3 нейкага часу сасна перастала расці. Можа, рост і ёсць, але непрыкметны, мізэрны, і людзі яго проста не заўважаюць. Ва ўсякім выпадку пуцявы абходчык, будка якога стаіць на другім баку пераезда, амаль насупраць дрэва, усе апошнія гады карыстаецца адной і той жа лесвіцай. Ён лазіць па ёй на сасну, дзе стаіць яго вулей.

Паводле І.Навуменкі

стар.100, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.