РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Залатыя дзянькі бабінага лета»

Залатыя дзянькі бабінага лета

Другі тыдзень запар ідзе дождж. Цярушыць і цярушыць, быццам праз сіта. А часам падзьме халодны вецер. Здаецца, яшчэ тыдзень-другі — і на змену дажджу пасыплецца снег, ляжа на зямлю мяккім пухам.

Зусім нечакана дождж перастаў ісці, выбліснула сонейка, і ўсё навокал ажыло і павесялела. Дні стаяць ціхія, сонечныя, поўныя мяккай задуменнасці і хараства.

У народзе пра гэтую пару восені з замілаваннем кажуць, што настала бабіна лета. Адчуўшы цяпло, ажываюць шмат якія насякомыя: зноў з’яўляюцца стракатыя матылькі, мітусяцца хуткакрылыя стракозы. Са сваіх хадоў-лабірынтаў вылазяць пагрэцца на сонейку лясныя мурашкі. Часам нават прагудзе над адзінокай кветкай калматы чмель. Нішто жывое не траціць цяпер дарэмна гэтых апошніх залатых дзянькоў. Хто назапашвае на зіму кармы, хто спяшаецца цёплае жыллё ўладкаваць, хто проста набіраецца сілы. Кароткія яны, залатыя дзянькі бабінага лета.

Паводле Р.Ігнаценкі

стар.96, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.