РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Апавяданне А.Капусціна «Кветкі салдата» і водгук на яго

кветкі салдата

А.Капусцін «Кветкі салдата»

У падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа выстраілася шарэнга жанчын з кветкамі ў вѐдрах. Да першай па ходу, калі ісці ад праспекта Францішка Скарыны, падляцелі дзве Кацюшы, як я іх потым назваў сам сабе. Відаць, старшакласніцы – у аднолькавых карычневых спаднічках і белых блузках. Яны з захапленнем залюбаваліся алымі ружамі. Адна прыцішана, з прыдыханнем выгукнула:

— Якое хараство-о!

Побач з імі, нібы вырас з-пад зямлі, стаў русявы статны салдат.

— Падабаюцца?

Кацюшы нічога не адказалі, толькі ўважліва, з прытоенай насцярожанасцю глянулі на яго: знаёміцца хоча?

— Вось гэтую і гэтую, — паказаў пальцам вайсковец у вядро.

Жанчына таропка, наколькі дазвалялі яе тоўстыя вузлаватыя пальцы, адабрала ў букеце аблюбаваныя ім кветкі. Ён, як у лёгкім паклоне, нахіліў галаву, працягнуў іх Кацюшам:

— Калі ласка.

— — Ой, што вы! – збянтэжыліся дзяўчаты. Відаць было, ім дужа хацелася атрымаць падарунак ад прыгожага хлопца, аднак штосьці стрымлівала іх.

— Калі ласка, прашу.

Яны ўзялі кветкі, і твары ў іх трох засвяціліся чысцей, як ранішняя зара на бясхмарным небе, радасцю. Салдат павярнуўся да жанчыны:

— Колькі з мяне?

Вастраносы жаўтышны твар момант быў як застылы. Раптам на ім ажылі нейкія рухавыя рысы.

— Ніколькі.

— Не, што вы! – запярэчыў салдат, дастаючы з кішэні кашалёк.

— Ніколькі, кажу, — замахала рукамі жанчына. – Няхай вам будзе ўсім на радасць, на дабро.

Ці то яе расчуліла такая рэдкая на цяперашнім тлумным часе чалавечая шчырасць, ці прыгадалася ѐй нешта запаветнае, навек зберажонае ў сэрцы з яе далёкай маладосці?

Нечаканы ўчынак жанчыны збянтэжыў салдата, але ён зразумеў: не возьме яна грошай, не. Ён выпрастаў плечы, наструніўся, кінуў руку да казырка:

— Шчырае вам дзякуй, маці. — Павярнуўся да дзяўчат, усміхнуўся: — Да пабачэння. – І пайшоў.

Ступаў ён цвёрдым чаканным крокам. У яго прыгожай паходцы адчувалася юначае ўсведамленне мужчынскай годнасці. Дзяўчаты праводзілі яго ўдзячнымі замілаванымі позіркамі. Я таксама пазіраў яму ўслед і падумаў: ―Салдат беларускай арміі…

 

Водгук на празаічны ўрывак А.Капусціна «Кветкі салдата»

                                                                                                                                                                                         Будзь заўсёды, як Радзіма, добры,

                                                                                                                                                                             Будзь ласкавы, як яе трава,

                                                                                                                                                                                                      Будзь высокі без памкненняў дробных,

                                                                                                                                                                            Як над полем неба сінява,

                                                                                                                                                                                           Просты будзь, як калыханка маці,

                                                                                                                                                                                          Дбайны будзь, як сейбіт і ратай.

                                                                                                                                                                                          Нават, калі ўсё на свеце страціў –

                                                                                                                                                                         Заклінаю: гэта не аддай.

В. Зуёнак.

Вялікі гуманіст эпохі Адраджэння Ж. Ж. Русо аднойчы сказаў цудоўныя словы, якія не губляюць актуальнасць і сёння: «Жыццё доўжыцца толькі імкненне і само па сабе яно нішто. Каштоўнасць яго залежыць ад таго, што ўдалося зрабіць. І толькі дабро, зробленае чалавекам, застаецца і дзякуючы яму жыццё чаго-небудзь вартае».

Гэта выказванне мае адносіны і да твора А.Капусціна «Кветкі салдата». Аўтар пачынае з месца дзеяння – падземны пераход на плошчы Я.Коласа, куды падбеглі Кацюшы. Чаму менавіта Кацюшамі называе дзвюх сціплых старшакласніц аўтар? Магчыма, гэта імя падабаецца яму больш за ўсе астатнія. Магчыма, з ім звязана нейкая яскравая падзея ў жыцці пісьменніка, якая прымушае яго і сёння не забываць гэта імя. А можа, простае беларускае імя з’яўляецца для аўтара ўвасабленнем дзявочага гонару і прыгажосці. А. Капусцін без асобага захаплення, у агульных рысах апісвае знешні выгляд дзяўчат: «…відаць, старшакласніцы – у аднолькавых карычневых спаднічках і белых блузах». Затое аўтар звяртае ўвагу на іх уражанні, пачуцці, паводзіны (з прыдыханнем выдыхнула; уважліва, з прытоенай насцярожанасцю глянулі).

Хацелася б звярнуць увагу і на вобраз жанчыны з кветкамі. Яе ўчынак – гэта праява беларускай шчодрасці і шчырага жадання шчасця ўсім. Гэта жанчына ўсё жыццё знаходзіцца ў працы, не знаходзячы часу для адпачынку, завіхаецца па гаспадарцы, не даючы спакою рукам, аб чым сведчыць эпітэт ―вузлаватыя пальцы. Дарэчы, А. Капусцін яшчэ ў адным творы пра дзвюх мастачак узгадвае і імя Кацюша і звітыя ў цяжкай працы вузлаватыя працы знясіленых рук жанчыны. Магчыма, гэта своеасаблівыя сімвалы: Кацюша – маладосць, летуценне, рукі — складаная рэчаіснасць, сур’ёзнае дарослае жыццё.

Яскравае, маляўнічае параўнанне «чыстая радасць, як ранішняя зара на бясхмарным небе» паказвае, якое гэта шчасце – радавацца за людзей, радаваць іх сваімі ўчынкамі, рабіць ім дабро. На жаль, гэта чамусьці здзіўляе ў наш час, здзівілася і жанчына ўчынку салдата. Бачачы гэту карціну на ўласныя вочы, пісьменнік сам міжволі задаецца пытаннем, паглыбляецца ў роздум: «Ці то яе расчуліла такая рэдкая на цяперашнім тлумным часе чалавечая шчырасць, ці прыгадалася ёй нешта запаветнае, навек зберажонае ў сэрцы з яе далёкай маладосці?»

Гэта пытанне гучыць не проста як разважанне аўтара, але і, магчыма, яно з’яўляецца дакорам нам, нашаму пакаленню. Шкада, што «па цяперашнім тлумным часе чалавечая шчырасць», добрыя, вартыя ўвагі ўчынкі здзіўляюць.

Усё ж такі ёсць і сярод моладзі носьбіты дабра. Яскравым сведчаннем таму з’яўляецца вобраз беларускага салдата, які без якіх-небудзь карыслівых намераў, а з ўсёю шырынёй душы робіць прыемнае дзяўчатам. І нездарма А. Капусцін з гонарам, з радасцю за моладзь, гледзячы ўслед юнаку, падумаў: «Салдат беларускае арміі…» Менавіта беларускай, нягледзечы на строгія парадкі і сістэматызаванасць, складаныя, а часам жорсткія ўмовы армейскага ўкладу, салдат не ачарсцвеў душою, не страціў сваю шчырасць, дабрачыннасць, шчодрасць – гэтыя нацыянальныя прыкметы беларуса.

Я веру, што дабрыня ўратуе свет, бо які сэнс жыць, не прыносячы нікому радасці, без добрых, вартых увагі ўчынкаў. Давайце ж будзем дзяліцца шчасцем адзін з адным, удзячнасцю адказваць на дабро, з энтузіязмам дапамагаць кожнаму.

Сысой Наталля, 9 клас

Водгук ўзяты з сайта http://hotjukovsk.edu.minskregion.by/gallery/124/olimp1.pdf.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *