Цвёрдыя або класічныя формы верша — віды верша, якія ўзніклі пераважна ў сярэдневяковай класічнай паэзіі, набылі інтэрнацыянальнае бытаванне і вызначаюцца пастаянствам вершаванага памеру, рыфмоўкі, колькасці і размяшчэння вершаваных радкоў.
1. Актава– васьмірадковы верш, радкі якога часцей за ўсё пішуцца пяцістопным або шасцістопным ямбам і рыфмуюцца па схеме АБАБАБВВ.
Каханне — найцяжэйшая з пакут.
Мая добраахвотная пакута.
Калі ж ты мне свой вынесеш прысуд?
Нібы падсудны, прагну я прысуду.
У міг апошні здарыцца мо цуд,
I тое, што здавалася атрутай,
Каханне ператворыць у нектар
На ўсё жыццё для вязня гэткіх чар.
Анатоль Грачанікаў “Актавы кахання”
2. Санет– від верша, які складаецца з 14 радкоў пяці-, радзей чатырох- ці шасцістопнага ямба. Аб’ядноўвае 2 чатырохрадкоўі і 2 трохрадкоўі: 4+4+3+3 (радзей 4+4+4+2). Дзве рыфмы спалучаюць катрэны (АББА АББА ці АБАБ АБАБ), тры рыфмы тэрцэтаў размяшчаюцца ў залежнасці ад характару папярэдняй рыфмоўкі: ВВГ ДГД ці ВВГ ДДГ.
У катрэнах падаецца развіццё тэмы. У тэрцэтах – кульмінацыя і развязка. Асаблівая нагрузка падае на апошні тэрцэт, нават на апошні радок тэрцэта. Апошняе слова павінна быць своеасаблівым вобразным “ключом” усяго твора. Ніводнае слова, выключаючы хіба службовыя, не павінна паўтарацца.
Пакуль не забыўся, як пэндзаль трымаць,
Не жалься на долю – жыві і пішы!
Свет варты таго, каб яго маляваць,
Збіраючы фарбы ў палітру душы!
Але не зайздросці набытку людзей –
Ты нават і ў горы не горай за іх!
Калі ты ствараеш – ты ўсіх багацей,
Бо маеш сусвет у карцінах сваіх.
У іншых няма асалоды такой,
З якой ты, заціснуты ў лёсу ціскі,
Грунтуеш палотны істотай сваёй
І сэрца ўкладаеш у іх – на вякі.
Мастацтва тваё – Божай літасці знак,
Твой крыж пажыццёвы – паэт і мастак.
Таццяна Дзям’янава “Пакуль не забыўся, як пэндзаль трымаць”
3. Трыялет – від васьмірадковага верша, у якім два першыя і два апошнія, а таксама першы і чацвёрты радкі аднолькавыя. Мае 2 рыфмы. Паўторы вершаваных радкоў павінны завастраць увагу чытача на асноўнай думцы.
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
I трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Максім Багдановіч “Мне доўгае расстанне з Вамі”
3. Тэрцына – від верша, напісанага трохрадкоўямі з ланцуговай кампазіцыяй. Звычайны памер – пяцістопны ямб. Сярэдні радок кожнай папярэдняй страфы рыфмуецца з двума крайнімі наступнай: АБА БВБ ВГВ … Заканчваецца асобным радком, што рыфмуецца з сярэднім радком апошняга трохрадкоўя.
Я п’ю рамонкавы настой
З дамешкаю тваіх усмешак.
Хіба я ў марнасці пустой?
Сны – попел згаслых галавешак?
Няўжо, як той стары Тарас,
Пакінуў родны свой застрэшак
I ўзлез на сонечны Парнас?
Там добры лад, а ёсць заганы…
Цябе згадаю я ці раз.
Я прывітаю дзень чаканы,
Калі спаткаю позірк твой
З усмешкай цёплай, край каханы.
Я п’ю рамонкавы настой.
Рыгор Крушына “Тэрцыны”
4. Рандо – верш з 8, 13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Своеасаблівасць: словы (часам радкі), якімі ён пачынаецца, паўтараюцца ў сярэдзіне твора і заканчваюць яго. Зрэдку сустракаецца так званае дасканалае рандо на 25 радкоў з дзвюма рыфмамі.
Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла;
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваёй адбіла.
І гімн спявае жабаў хор
Красе, каторую з’явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарашчы міла
Узор.
І сонца дальш клянуць, што скрыла
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,
Там, дзе чыясь рука зрабіла
Узор.
Максім Багдановіч “Рандо”
5. Хоку, або хайку, — манастрафічны трохрадковы верш у японскай паэзіі. Адсутнічае рыфма, але строга захоўваецца пэўная колькасць складоў у вершарадах: у першым і трэцім – 5, у другім – 7.
Азірнуўся –
нехта бяжыць па маіх слядах:
сухое лісце.
Алесь Разанаў
6. Танка – манастрафічны пяцірадковы нерыфмаваны верш у японскай паэзіі. У першым і трэцім вершарадах па 5 складоў, у астатніх – па 7. Характэрна шматзначнасць паэтычнага выказвання, глыбінны падтэкст, шырокае выкарыстанне мастацкай дэталі.
Што гэта ў цемры
Свеціцца там, дзе клады?
Ледзь здагадаўся:
Фасфарысцыруючы,
Мова выходзіць з магіл.
Ніл Гілевіч
7. Гімн – урачыстая песня ў гонар якога-небудзь героя, выдатнай падзеі або дзяржавы. Хар-ны ўзвышанасць і эмацыянальная насычанасць стылю, урачыстасць лексікі, наяўнасць шматлікіх паўтораў, рытарычных фігур і г.д.
8. Ода – урачысты паэтычны верш у гонар нейкай гістарычнай падзеі або выдатнай асобы.
Пасля дарог асфальтаваных,
дзе хуткасць — найважнейшы бог,
крыху шчымліва, незвычайна
ступіць на сцішаны парог.
Тут, на зацененай верандзе,
якая б ні была пара,
ёсць конаўка, як ардынарац
яго вялікасці — вядра.
У тым вядры — вада з калодзежа,
якой нідзе няма смачней.
Яна з глыбінь зямных выходзіла,
а колерам за сінь сіней.
Над ёй мігцелі зоры ў квецені,
аблокі лёгкія плылі,
цяжкія хмары сеяў вецер,
завеі лютыя гулі.
Вада з калодзежа старога
паіла ноччу партызан,
змывала смутак і трывогу,
гаіла боль пякучых ран.
Таму глыток узяўшы першы,
я шлю падзяку тым рукам,
што жвір капалі, каб найлепшай
дастаць вадзіцы землякам.
Другі глыток узяўшы, шлю
падзяку тым, што ўратавалі
калодзеж гэты і зямлю,
каб іх ніхто не запаганіў.
А пасля трэцяга глытка —
стаю з дакорным запытаннем:
што я зрабіў, каб ты цякла,
каб ты жыла, вада святая?
Віктар Ярац “Ода калодзежнай вадзе”
9. Раманс– адзін з жанраў песні; невялікі лірычны верш (пераважна пра каханне) напеўнага характару.
10. Элегія – верш, у якім выяўляюцца смутак, журба, меланхолія з прычыны грамадскай несправядлівасці, сямейнага няшчасця ці асабістага гора.
Жыццё маё — цяжкі з гадамі бой,
I чым далей, то ўсё даўжэй прывалы,
Буксуюць вершы, быццам самазвалы,
Ды знаю я: надыдзе момант той,
Калі не хвоі снамі баравымі
Атуляць мой дарожны неспакой,
А схіляцца зларадна нада мной
Мае гады з бародамі даўгімі.
Чаго прыйшлі, за цудамі якімі?
Якога мне яны жадаюць сну?
Яшчэ я ўстану, падапруся кіем,
Старэчыя бароды расхіну.
За ўсе гады вазьму з гадоў даніну,
З дарогай разлічуся рэштай дзён,
Астатнія, як костку, смерці кіну
За той парог, дзе векавечны сон.
Аркадзь Куляшоў “Элегія”
11. Эпіграма – лаканічны (звычайна ад 2 да 8 радкоў) сатырычны верш з вострай і часта нечаканай канцоўкай, у якім дасціпна высмейваецца нейкая асоба ці грамадская загана.
Таму і робяць ператрусы
Падзей і дат, каб назаўжды
Устанавіць, што беларусы —
Нашчадкі…… Залатой арды.
А. Цыркуноў. «Абэцадаршчына»
12. Верлібр (свабодны верш) – адна з разнавіднасцей танічнага верша. Характарызуецца адвольнай колькасцю і свабодным размяшчэннем націскных і ненаціскных складоў у вершаваных радках, не прытрымліваецца строгай строфікі, можа не мець рыфмы. Важнае значэнне набывае ў ім графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне міжрадковых паўз.
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць нашае сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?»
Максім Багдановіч “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”
13. Секстына (італ. sestіna, ад лац. sex — шэсць) — від шасцірадковага верша, а таксама страфа з чатырохрадкоўя з перакрыжаванай рыфмоўкай і двухрадкоўя з сумежнай рыфмоўкай (абабвв). Першыя чатыры радкі страфы могуць мець апаясную рыфмоўку (аббавв). Здараецца, двухрадкоўе стаіць у пачатку секстыны (аабвбв). Сустракаецца секстына і на дзве рыфмы: абабаб. Пішацца звычайна пяцістопным або шасцістопным ямбам, аднак ужываюцца і іншыя памеры:
Эй, з-за лесу ды з-за гор
Сонца выплывае.
Зашумі ты, цёмны бор,
Пушча векавая!
Пойдзем, пойдзем ваяваць,
Долю, волю здабываць.
Якуб Колас. «Партызанская песня»
14. Лімерык — гумарыстычна-сатырычны пяціскладовік з рыфмоўкай аабба, два першыя і апошні радкі якога пішуцца трохстопным, я трэці і чацвёрты — двухстопным анапестам.
Да шляхетнай паненкі з Заслаўя
так нядоўга каханнем палаў я!
Я сказаў ёй: «Мужчыны
Порткі праць не павінны!»,
А паненка: «У нас раўнапраўе!»
Андрэй Хадановіч. З цыкла “Беларускія лімерыкі”
14. Туюг — верш, напісаны чатырохрадкоўямі з рыфмоўкай ааба і рыфмамі-амонімамі.
Няўжо я ня дам сабе рады?
Ад цёмнай развагі і рады
Далей адыйсці, каб не чуць!
Я цешуся, іншаму рады.
Рыгор Крушына. Урывак з “Лірычнай кантаты”
У абдымках цябе не душу…
Не дару пацалункаў каралі.
А парфумай пачуццяў душу
я тваю незмушона душу.
Эдуард Акулін “Туюгі”