Прыклад верша і водгуку на яго
Людзі без смерці
Васілю Быкаву
Гэта — зноў вяртаюцца ў строй
думкі, гнеў і гонар сяброў,
скошаных куляй насмерць…
Абарваны іх шчыры смех.
Як цяпер, стаяць у вачах
прад аглухлым скрываўленым раннем
з неадступным на вуснах пытаннем:
а ці маеш ты права маўчаць?
Гаварыць —
не дужых пацешыць.
Зубы сцяць!
Як сябры маладыя хацелі
не халодных пліт ад жыцця!
Што ім помнікі на вякі!
На струхлелых касцях вянкі
не ажывяць магільных сноў.
Дакрануцца б да цёплай рукі.
На дасвецці збіраць васількі
па дрыготкай буйной збажыне.
Аж да столі гушкаць сыноў,
за якіх паляглі на вайне.
Гаварыць.
Лішніх слёз не ліць.
Памяць не любіць слёз.
Заклінаць,
каб нашчадкаў зямлі
абмінуў непапраўны лёс.
Зноў вяртацца да сэрцаў мужных,
што пакрочылі строем у вечнасць:
ці прымалі яны двурушных?
Ці даруюць нам бессардэчнасць?
…He сагрэць магілу сырую.
Мёртвы воін не мае сэрца.
Мёртвы воін табе не даруе
здраду праўдзе і после смерці.
Маеш права на спогадзь, на жаль,
на ваганне, змаганне з сабой…
Кінуць лёс на лязо нажа…
Справядлівы адвечны бой.
*****************************************************************************
Рабіна —
Восені рыбіна
Чырванапёрая —
Трапеча ў імглістай стыні.
Рабыня
Вятроў —
Ты сталася мне апораю
У мітуслівай людской пустыні…
Густыя –
Луской
Шапатлівай –
Лісты а-
па-
да-
юць,
Як дні залатыя,
Мае незваротныя.
3 табою
Абое шукаем сустрэч нешчаслівых,
Абое — сыходзімся, як маладыя, —
Абое — смяротныя…
3 табой мы
Горкай часінаю,
Блуднай, знявечанай,
Ратуемся разам ад ліха:
Ты боль мой
Спагадай рабінавай,
Я твой — чалавечаю
Ціха
Вылечваю…
В. Зуёнак.
Водгук
Гора адзінокаму.
Біблія.
Жыццё хуткаплыннае. Вокамгненна і непазбежна змяняюцца гарады, некуды безупынна, безуважна да таго, што адбываецца ў свеце, бягуць людзі. Бягуць у звычайным для іх тэмпе, бо так трэба, так прынята. Іх супакаенне ў “беганіне”, рух адганяе думкі: часу няма – трэба спяшацца. А што рабіць чалавеку, які выпаў з агульнага кола, які адзін спыніўся пасярод мітуслівага людскога віру і не можа знайсці нікога, хто б падтрымаў, не даў бы патануць, прапасці, бясследна знікнуць? Дзе знайсці выратаванне? Яго можа даць прырода, якая нясе спакой і бескарысліва дазваляе чалавеку наталіцца прыгажосцю.
Ідэя еднасці чалаеека і прыроды — вечная. Зварот да бору, лесу, гаю, асобных дрэў, сонца, зорак, ветру сустракаецца не талькі ў фальклоры, але і ў літаратуры (верш А. Вольскага «Паралельныя сосны», Я. Янішчыц «Рабіна зімы»). У форме такога звароту напісаны і верш Васіля Зуёнка «Рабіна…».
У народнай міфалогіі рабіна лічылася адзіным дрэвам, надзеленым здольнасцю ўспрымаць і пераносіць боль. Ягады рабіны чырвоныя, але ж горкія, быццам бы яны ўвабралі ў сябе слёзы людзей, што прыходзілі да яе за паратункам. Гэтае дрэва — збавіцель, абаронца. Нягледзячы на ўяўную кволасць рабіны, нашы продкі верылі, што толькі ў яе засені можна было надзейна схавацца ад гора і нават смерці.
Твор пабудаваны на псіхалагічным паралелізме: вобраз лірычнага героя праецыруецца на вобраз дрэва — рабіны. Сімвалічна, што аўтар выбраў менавіта рабіну — «рабыню вятроў», якая пакутуе ад восеньскай непагадзі («трапеча ў імглістай стыні»). Можа, таму дрэва становіцца для лірычнага героя апорай у яго адзіноце?
Праз увесь верш праходзіць тэма параўнання чалавека і дрэва: рабіна губляе лісце, чалавек — гады свайго жыцця, і кожны з іх змагаецца за сябе. Выпадковасць і прадвызначанасць сваёй асацыяцыі і вобразаў аўтар падкрэслівае дзеясловам «сталася». Час сустрэчы перададзены эмацыянальна — у вобразах цемры, холаду («імглістая стынь»), характарызуецца яркімі эпітэтамі: «часіна горкая, блудная, знявечаная». I лірычны герой, і рабіна пакутуюць. У апошняй страфе прысутнічаюць выразныя словы ў прамым значэнні, якія перадаюць стан героя (“боль”, “ліха”), яго чаканне спагады. Ідэя верша зыходзіцьз гэтых ключавых слоў. Толькі той, хто сам адчувае боль, можа даць іншаму сілы перамагчы пакуты. І прырода ў гэтым дапамагае чалавеку.
Рытміка верша заснавана на чаргаванні жаночай і дактылічнай рыфмаў. Гэты прыём стварае настрой суму, а таксама напеўнасць, незавершанасць: радкі не абрываюцца, а плаўна пераходзяць у наступныя. Шматкроп’е ў канцы ўсіх строф таксама ўказвае на незавершанасць апісання, на віраванне пачуццяў, якія часам не знаходзяць слоў. Перад вачыма паступова з’яўляецца карціна: рабіна, якая трапеча пад шквальнымі парывамі пранізлівага ветру, і чалавек, што прытуліўся да яе ствала, 3 дрэва пад напорам ветру ападае чырвонае лісце — такі вобраз ствараецца, дзякуючы таксама графічнаму падзелу слова па складах — «а-па-да-юць».
Першая страфа верша цалкам прысвечана стварэнню персаніфікаванага вобраза рабіны. Словы, падобныя па гучанні, збліжаюцца прыёмам паэтычнай этымалагізацыі, утвараючы асацыятыўную метафару («рабіна — рыбіна — рабыня»). Вобраз рабіны падаецца нібы ў трох праекцыях: гэта і дрэва, з якога ападае лісце, і чырванапёрая рыбіна, таму лісце параўноўваецца з луской, трэцяя праекцыя — на чалавека, і тут узнікае параўнанне «лісты, як дні залатыя».
Адчай лірычнага героя падкрэсліваецца аксюмаранам «людская пустыня»: людзей шмат, але ніхто з іх не можа суняць яго боль. Матыў адзіноты ў людскім натоўпе ўвогуле характэрны для творчасці Васіля Зуёнка. Яго лірычны герой надзвычай часта пакутуе ад гора і безвыходнасці, Яму баліць яшчэ больш, калі ён адчувае, што немагчыма спыніць гэтую мітусню, знайсці дарадцу сярод людзей, якія забыліся нават на свае няшчасці. Зусім нечаканым з’яўляецца ўжыванне разам эпітэтаў “маладыя” і “смяротныя”. Маладосці, як правіла, не ўласціва думаць пра смерць, хіба толькі ў часы крызісу, асабістага або сацыяльнага. Мне здаецца, што менавіта такі момант душэўных ваганняў і апісваецца ў вершы В. Зуёнка.
Элегічны настрой ствараецца таксама і лексічнымі сродкамі. Паэт апісвае рабіну восенню, калі дрэва становіцца безабаронным; эпітэт «залатыя» (дні) дапаўняецца катэгарычнай характарыстыкай «незваротныя»: лірычны герой шкадуе, што яны адыходзяць назаўжды. Настрой смутку паступова нарастае, кульмініруе ў пачатку трэцяй страфы, калі сцвярджаецца, што чалавек і рабіна разам перажываюць ліха і нарэшце дачакаюцца спакою. Чалавек адчувае, што атрымаў жаданыя, такія неабходныя лекі («спагаду рабінавую») і хутка зноў, узняўшы галаву, пойдзе насустрач цяжкасцям.
Усё жыццё мы ідзём да кагосьці па спагаду,і шукаем аднадумцаў, калег, сяброў, бо застацца на самоце са сваім болем — самае страшнае выпрабаванне, асабліва калі гора падкрадзецца з-за спіны (як заўсёды,па-здрадніцку). На маю думку, не трэба яго хаваць у сабе: ад гэтага яно не перастане атручваць існаванне.
Супакаенне трэба шукаць у размове з блізкім чалавекам ці прыродай. Калі падзелішся сваімі перажываннямі з іншымі, стане лягчэй… I не толькі табе! Вельмі часта наша спроба расказаць пра сваё гора можа стаць спробай выратаваць, супакоіць іншага.