З.Марозаў «Храм»
Я збудаваў свой храм са слоў прыгожых,
Нiбы з цаглiн, апаленых агнём…
Было ў тым храме вусцiшна i гожа
Завейнай ноччу, навальнiчным днём.
Свае пачуццi, мары i памкненнi
За сцены храма я не адпускаў,
А слухаў толькi музыку натхнення,
На мiтусню ж увагi не звяртаў.
Але аднойчы ноччу Шляхам Млечным
Сышоў, як прывiд, старац да мяне.
«Твой храм — турма, а ты ў iм — вязень вечны»,—
Пачуў я цiхi голас, як у сне.
«Зямлi ты зрокся, чалавеча мiлы,
Не чуеш стогнаў гоняў i бароў.
Каму касiць? Каму араць? З магiлаў
Ты не падымеш песняй плугароў».
Быў гэты вырак, як пад сэрца ножык,
Як перуновы стрэл сярод зiмы…
Я зруйнаваў свой храм са слоў прыгожых
І абрабiў пад жыта дол нямы.
Рунець яму цiхмяным днём асеннiм,
Шаптацца жыту з ветрам веснавым…
Мае ж пачуццi, мроi i памкненнi
Над iм паплачуць дожджыкам жывым.
Водгук на верш Змітрака Марозава «Храм»
Паэзія – гэта вясёлкавы мост
Ад сэрца людскога
Да мары.
М. Танк
Паэзія – адна з такіх з’яў, якая мае няўлоўныя сакрэты. Яе можна назваць цягаю да высокага: вяршынь – да нябёс, дрэў і траў – да сонца, а сэрца людскога – да мары. Піць нагбом з яе бяздонных крыніц можна бясконца, ніколі не стамляючыся, бо сапраўдная паэзія падобна жыццю: яна невычэрпна ў сваім багацці.
Невычэрпна ў сваім багацці і паэзія Змітрака Марозава. Яскравае сведчанне таму верш «Храм», які разгортвае новы абсяг думак, выяўляе шчодрасць пачуццяў, па-новаму ўзбагачае чытача сваёй духоўна-эмацыянальнай энергіяй. На мой погляд, тэма твора бачна ў назве. Аўтар прысвячае свой верш духоўнаму багаццю народа – храму, у якім адчуваеш сябе нібы ў іншым свеце, які супакоіць, дапаможа ў цяжкай хвіліне, дапаможа знайсці патрэбную сцежку ў жыццё.
Я лічу, верш складаецца з трох сэнсава-граматычных частак. У кожнага паэта ёсць свой храм паэзіі, які складаўся доўгі цярністы час «са
слоў прыгожых». Мае такі храм і З. Марозаў, у якім «вусцішна і гожа завейнай ноччу, навальнічным днём». Менавіта з гэтага пачынаецца першая структурная частка (дзве першыя страфы). У такія храмы паэты ўкладаюць усе «свае пачуцці, мары і памкненні», слухаюць «толькі музыку натхнення», не зважаючы на мітусню ўвагі, што і робіць З. Марозаў.
Вялікую эмацыянальную і выяўленчую функцыю ў частцы выконваюць эпітэты («завейнай ноччу» , «навальнічным днём»), параўнанне («нібы з цаглін»), інверсія («слоў прыгожых»). Шматкроп’е, змешчанае ў другім радку першай страфы, даводзіць чытачу, што недастаткова толькі слоў, каб пабудаваць храм паэзіі.
У другой структурнай частцы (дзве наступныя страфы) аўтар змяшчае сон, які сышоў да яго «аднойчы ноччу Шляхам Млечным». У ім паэт пачуў, што ён у сваім храме як «вязень вечны», што ён праз яго не чуе «стогнаў гоняў і бароў», а калі кожны так пачне жыць толькі сваім храмам, то каму тады касіць, «каму араць», «з магіл ты не падымеш песняй плугароў».
Каб данесці гэты сон да чытача, аўтар выкарыстоўвае эпітэты («вязень вечны»,»ціхі голас»), параўнанні («сышоў, як прывід», «ціхі голас, як у сне»), інверсію («Шляхам Млечным», «вязень вечны»).
«Як пад сэрца ножык, як перуновы стрэл сярод зімы» было развітанне аўтара са сваім дарагім і блізкім сэрцу храмам. Гэты сон не прайшоў у яго жыцці бясследна, сведчанне гэтаму такія радкі:
Я зруйнаваў свой храм са слоў прыгожых
І абрабіў пад жыта дол нямы.
Цяпер гэта жыта будзе шаптацца «з ветрам веснавым», а над ім «паплачуць дожджыкам жывым» «пачуцці, мроі і памкненні» аўтара. Пра гэта апісваецца паэтам у апошняй структурнай частцы (дзве апошнія страфы).
Удала працуюць на настрой, зададзены аўтарам, эпітэты («ціхмяным днём», «дожджыкам жывым»), метафары («шаптацца жыту з ветрам», «памкненні над ім паплачуць»), інверсія («слоў прыгожых», «днём асеннім»), фразеалагізмы («як перуновы стрэл сярод зімы», «як пад сэрца ножык»– нечакана).
Рыфма перакрыжаваная ( прыгожых-гожа, агнём-днём). Чаргаванне мужчынскай і жаночай рыфмаў ( памкнЕнні-адпускАў-натхнЕння-звяртАў) стварае эфект нязмушанасці і свабоды цячэння радкоў і думкі. Сінтаксіс верша дазваляе зразумець «почырк» аўтара. Простыя сказы ўскладненай будовы, складаназлучаныя, складаназалежныя сказы… Іх стылістычная функцыя заключаецца ў тым, каб даць магчымасць паразважаць чытачам над спрадвечнымі каштоўнасцямі.
«Для кожнага паэта жыццё яго народа, краіны павінна стаць і яго асабістым жыццём», — такую думку сцвярджаў А. Куляшоў. Пацвярджэннем гэтых слоў з’яўляецца паэзія З. Марозава. Хочацца яшчэ і яшчэ раз увайсці ў яе , адкрыць новы невядомы куток дзівоснага свету, адлюстраванага ў хвалюючым дыялогу паэта з сучаснікамі, у паэтычных радках і паміж радкамі.
Рогаў Уладзімір, 11 клас
Водгук ўзяты з сайта http://hotjukovsk.edu.minskregion.by/gallery/124/olimp1.pdf.