РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Водгук на верш В.Тараса «Дзве мовы ў мяне»

Валянцін Тарас

Верш В.Тараса «Дзве мовы ў мяне»

Дзве мовы ў мяне.
Абедзве – чараўніцы.
Как в двух родных сестер,
В обеих я влюблен.

Дзве мовы ў мяне –
Как два крыла у птицы,
Дзве мовы ў мяне –
Как свет из двух окон.

Дзве мовы ў мяне –
Дзве родныя дубровы,
Источники мои:
Крыніца і родник.

Родная речь звучит
Як рэха роднай мовы,
І рэхам мовы роднай
Звучит родной язык.

Дзве мовы ў мяне,
І ў час вайны суровы
Они служили мне
Как два стальных штыка.

Разил врага радок
Магутнай роднай мовы
И гневная строка
Родного языка.

Дзве мовы ў мяне –
Дзве родныя дубровы,
Источники мои:
Крыніца і родник.

Родная речь звучит
Як рэха роднай мовы,
І рэхам мовы роднай
Звучит родной язык.

Дзве мовы ў мяне –
Жыцця майго асновы,
Мне іх не раз’яднаць
Як рэчыва крыві.

Они свились во мне
В поток адзінай мовы,
Адзінай мовы
Братства и любви.

 

Водгук на верш В.Тараса “Дзве мовы ў мяне”

Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор.

       І гэты твор – мова.

Алесь Разанаў

Сем гадоў назад (у 2009 г) не стала таленавітага паэта, якога па праву многія лічылі сумленнем нацыі. Не стала Валянціна Тараса. Няўрымслівага, шчырага ў сваіх сумненнях, у сваіх пошуках. Гарэзлівага хлапчука, якім ён заставаўся да апошніх дзён жыцця, нягледзячы на свой 79-гадовы ўзрост.

Чалавек, якому лёсам наканавана было нарадзіцца на пачатку трыццатых гадоў, прайшоў усе этапы сталення маладой савецкай дзяржавы: беларусізацыю, сталінскі тэрор, Другую Сусветную і Вялікую Айчынную войны, хрушчоўскую “адлігу”, стварэнне незалежнай Беларусі. Разам з дзяржавай сталеў сам Валянцін, а з ім і яго творчасць.

Верш “Дзве мовы ў мяне” з’яўляецца своеасаблівым стрыжнем у сістэме адносін аўтара да роднай мовы ў пачатку васьмідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя (верш быў напісаны ў 1978 годзе). Прачытаўшы яго ўпершыню, я не магла не задаць сабе пытанняў: “Як у чалавека можа быць дзве родныя мовы? Чаму такі зацяты беларус, як Тарас, ставіць на адну прыступку мову сваю і мову суседняга народа?” Мне, жыхарцы незалежнай Беларусі, гэта падалося дзіўным і незразумелым. Я перачытвала верш зноў і зноў, імкнучыся пранікнуць у думкі Валянціна Тараса. А потым зірнула на дату стварэння верша — і ўсё зразумела. Васьмідзесятыя гады – гэта час росквіту магутнай дзяржавы – Савецкага Саюза, у якой на адным узроўні ва ўсіх пятнаццаці рэспубліках развіваліся руская мова, як мова міжнацыянальных зносін, і мовы нацыянальных супольнасцей, у тым ліку і беларуская. Ды як жа па-іншаму мог думаць чалавек, які з калыскі ўпітваў адну і другую мовы ў сваю душу. Вось чаму на пачатку амаль кожнай страфы верша паўтараецца радок “Дзве мовы ў мяне”. Гэты рэфрэн не пакідае сумненняў у тым, што паэт мае яснае і цвёрдае перакананне ў правільнасці сваіх думак. Тым больш, што гэту ўпэўненасць падкрэслівае і алітэрацыя гука [р], якая найбольш выразна гучыць у трэцяй і чацвёртай строфах:

Родная речь звучит,

Як рэха роднай мовы

Валянцін Яфімавіч гаворыць у вершы адначасова на дзвюх мовах, і гэта не здаецца бязграматнасцю, а, наадварот, арганічна раскрывае эпоху, у якой ён нарадзіўся і ўзрос і якая на сённяшні дзень абсалютна страчана. У Савецкім Саюзе беларускую і рускую мовы ўспрымалі сапраўды як “двух родных сестёр”. Многія пісьменнікі, як і сам Тарас, пісалі і па-руску, і па-беларуску, рабілі пераклады рускіх твораў на родную мову і наадварот. Р.Барадулін, В.Быкаў, У.Караткевіч, У.Арлоў і многія іншыя такім спосабам адкрывалі рускаму народу сваю творчасць, развівалі родную літаратуру, узбагачалі яе сусветнымі шэдэўрамі. І для савецкай эпохі такі працэс быў абсалютна натуральным.

Верш “Дзве мовы ў мяне” прасякнуты адначасова прызнаннем у любві “в обеих я влюблён” і публіцыстычнай узнёсласцю:

Они свились во мне

В поток адзінай мовы,

Адзінай мовы

Братства и любви.

Выразна прасочваецца праз радкі верша і біяграфія самога аўтара. Ён трынаццацігадовым хлапчуком трапляе у партызанскі атрад, дзе побач з беларусамі змагаюцца за Радзіму рускія людзі і гучаць песні, заклікі на абедзвюх мовах:

Разил врага радок

Магутнай роднай мовы

И гневная строка

Родного языка.

Цікава, што звычайна эпітэт “могучий” мы сустракаем у звязцы са словамі «русский язык»: «великий и могучий русский язык», а Валянцін Тарас надзяляе гэтай уласцівасцю якраз беларускую мову: “магутнай роднай мовы”. Так ён сцвярджае, што беларускае слова можа пранізваць душу і абуджаць гонар не горш за “гневную строку родного языка”.

Пасляваенная праца ў беларускай газеце “Звязда”,у часопісе “Нёман”, а потым работа ў маскоўскім часопісе “Юность” яшчэ больш знітавалі ў душы пісьменніка дзве мовы ў адну:

Мне іх не раз’яднаць

Як рэчыва крыві.

Такая ўпэўненасць прасочваецца праз усю структуру верша, бо ён напісаны трохстопным ямбам. Няпоўная квадратная рыфмоўка (халастым застаецца толькі трэці радок) злівае ў адзін эмацыянальны паток рускія і беларускія словы: чараўніцы – птицы, мовы – дубровы, крыві – любви, што міжвольна яднае абедзве мовы ў адну – славянскую, з якой яны выцяклі, як “крыніца и родник”.

Для найлепшага раскрыцця сваіх пачуццяў паэт выкарыстоўвае розныя мастацкія сродкі. Гэта і шэраг параўнанняў: “как два крыла у птицы», «как свет из двух окон», «как два стальных штыка» і трапныя метафары: “мовы-чараўніцы, «они свились во мне», метанімія «разил врага радок магутнай роднай мовы”.

Усе выкарыстаныя прыёмы ўзмацняюць эфект уздзеяння на чытача, надаюць вершу мастацкую выразнасць, багатую вобразнасць, глыбокую змястоўнасць.

Нельга не адзначыць, што ў васьмідзесятыя гады верш у значнай ступені сімвалізаваў і творчае крэда пісьменніка , і адносіны да мовы ў грамадстве.       Аднак у святле сённяшняга дня некаторыя думкі Тараса ўжо выглядаюць утапічнымі. Мы бачым, што “родник” рускай мовы пераўтварыўся ў паўнаводны паток на тэрыторыі Беларусі, які настолькі захіліў сабою “крыніцу” роднай мовы, што яна стала сціплай і непрыкметнай для людскога вока. Грамадства прызнала афіцыйнымі дзве мовы, але ў паўсядзённым жыцці гаворыць толькі на рускай. У маёй гімназіі ніводны вучань не карыстаецца роднай мовай у зносінах з сябрамі, на вуліцы, з бацькамі. Часцей за ўсё гучыць “великий русский язык», радзей – трасянка. Беларуская мова стала рарытэтам, які мы ашчадна беражэм, заклікаем ёю карыстацца на разнастайных школьных мерапрыемствах. Але не робім галоўнага – не гаворым на ёй. Такі лёс роднай мовы, напэўна, стаў прадбачыць і пісьменнік ужо ў дзевяностых гадах, паколькі канчаткова стаў пісаць творы толькі па-беларуску. Аб гэтым марыў і Сяргей Грахоўскі ў сваім вершы “Любимая и родная»:

Я ісціны ўсе адкрываю нанова –

І робіцца ў свеце святлей і  відней

Люблю неўміручую родную мову,

А роднае слова, як маці, радней.

Я спадзяюся, што аднойчы настане момант, калі адна з “двух родных сестёр”, стаўшая падчаркай у сваім родным доме, заквітнее, загучыць усімі крышталямі самабытнага беларускага слова. Аб гэтым марыў і Валянцін Тарас падчас свайго 79-га года нараджэння: “Я мару аб Беларусі, дзе запануе нарэшце ва ўсіх куточках наша мова, расквітнее па-сапраўднаму наша культура”.

Настане час, калі зажыве “паламанае крыло” роднай мовы і пральецца яна святлом з акна на беларускі народ. Інакш і быць не можа.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *