РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Вуснае выказванне «Гістарычныя помнікі на Беларусі»

валуны

Як толькі не называюць у свеце нашу родную Беларусь! Яна і краіна лясоў і балот, яна і краіна старажытных замкаў і палацаў, яна і краіна бульбы, ільну-даўгунцу, васількоў. Аднак Беларусь — гэта яшчэ і краіна валуноў, маўклівых сведкаў гісторыі. Колькі іх, розных па форме і па памеры, параскідана па нашай зямлі! Ля рэчак і ў лясах, на сенажацях і хлебных палях, каля дарог і на вуліцах вёсак. Адны з іх — маленькія каменьчыкі, а другія — вялізныя валуны ў сотні тон.

Спрадвеку беларус жыў побач з валунамі, дружыў з імі, любаваўся імі, знаходзіў агульную мову. I ніколі не задумваўся, што яны не тутэйшыя, не мясцовыя. Нашы валуны — іншаземцы. Апошні ледавік адарваў іх ад Скандынаўскіх гор і, разлучыўшы з радзімаю, прынёс на нашу зямлю. I наша радзіма стала вечнай радзімай для іх.

Беларусы з даўніх часоў пакланяліся камяням. Кланяліся, калі да сёмага поту стараліся выбраць іх з кожнага сялянскага поля, а тыя, як жывародныя, усё вылузваліся і вылузваліся з зямлі. Кланяліся, будуючы з іх крэпасці і замкі, палацы і цэрквы, стайні і свірны, брукуючы грукатлівыя гасцінцы.

3 далёкіх дахрысціянскіх часоў беларусы верылі ў цудадзейную сілу камянёў. Нашы даўнія продкі лічылі, што сімвалам бога Перуна, напрыклад, з’яўляецца каменная сякера. Ёю сівабароды грамавержац рассякае чорныя хмары і поіць зямлю дабрадзейным дожджыкам. Лічылася, што яна абараняе ад злых духаў, спрыяе ўрадлівасці і пладавітасці, ратуе ад хвароб.

З валунамі было звязана мноства забабонаў, павер’яў. Ці ведаеце вы, напрыклад, што калі раскалоць вялікі валун, то можна стаць сляпым. З валуноў нельга здзіpаць мох — вопратка хутка сапсуецца, або пазуры пачнуць  трэскацца. З камянёў нельга здымаць мох яшчэ і таму, што ён вырас ад слёз удоў і парабкаў, якія плакалі каля каменя. Хто ж выдзірае мох – вырывае слёзы з іх вачэй.

У нашым раёне захавалася дзевяць такіх старажытных валуноў. Самы буйны з іх — ВЯЛІКІ КАМЕНЬ КЛІМАВІЦКІ з ямкамі. Ён  прынесены ледавіком прыкладна 220-150 тысяч год таму з тэрыторыі Скандынавіі. Валун мае буйныя памеры-яго маса больш за 26 тон, прыгожы выгляд і варты адносіцца да помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

На верхняй роўніцы ёсць паглыбленні. Падобныя па форме выемкі сустрэты на іншых 25 валунах Беларусі, якія маюць да таго і гістарычнае значэнне. Эстонскія даследчыкі лічаць, што выемкі зроблены чалавекам у першым тысячагоддзі да н.э. косткаю ці каменем больш трывалага складу. Магчыма, што ў ямкі налівалі тлушч або алей, клалі кнот і запальвалі агеньчыкі. Відовішча, асабліва ў прыцемках, было вельмі ўражлівае. Звычайна такія камяні размяшчаліся на схілах рэк і ручаёў.

3 асаблівай цнатлівасцю адносіліся беларусы да камянёў-прошчаў, следавікоў з адбіткамі слядоў Хрыста, Багародзіцы, святых угоднікаў. У дні свят да іх ладзілі хрэсныя ходы, богаслужэнні, ім прыносілі ахвяры, каля іх будавалі капліцы, цэрквы. І сёння некаторыя з такіх следавікоў ушаноўваюцца мясцовымі жыхарамі.Так, добра вядомы валун з в.Кудзінавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці.  Глыбу называюць » Божы след або След Хрыста», а ямку ў ім — следам «Маці Божай». Дажджавую ваду, што збіраецца на камені, лічаць гаючай і лечаць ёю вочы. І ў наш час да каменя нясуць падарункі: кветкі, цукеркі. Калі хварэе карова – кладуць масла, сыр, калі свіння – кавалак сала ці каўбасы.

Паўз шырокія дарогі і гаманлівыя рачулкі, ускрай палеткаў і ў лясных гушчарах, уткнуўшыся ў зямлю, ляжаць замшэлыя старажытныя валуны. Гэтаксама маўкліва ляжалі яны і дваццаць тысяч гадоў назад. Гэтыя камяні памятаюць войны часоў Кіеўскай Русі, набегі крыжакоў, нашэсці шведскіх, напалеонаўскіх і гітлераўскіх полчышчаў. Валуны складаюць такую неадлучную частку ландшафту, што, здаецца, прыбяры іх —і беларуская прырода значна збяднее. Як крупінкі духоўнага і матэрыяльнага жыцця людзей многія валуны ўваходзяць у спіс помнікаў гісторыі і культуры Беларусі.

3 кожным годам такіх камянёў становіцца ўсё менш. Яны  выкарыстоўваюцца дарожнікамі і будаўнікамі, ад іх стараюцца пазбавіцца земляробы. Стала модным ў апошні час зафарбоўваць камяні, што ляжаць пры лесе, і пісаць на іх нейкія надпісы. Але тым самым мы зафарбоўваем сляды гісторыі, якая прысутнічае ў кожнай ямцы, кожнай насечцы на камені. Як удала Алесь Разанаў паказаў гэту праблему ў сваім вершы-роздуме:

У парку, ля раўчука,

Ляжалі тры валуны.

Пафарбавалі іх сёлета

Ў сіні колер –

І тысячагоддзі памерлі.

Не варта фарбаваць гісторыю. Хай яна свеціцца праз жылкі валуноў, праз іх абсечаныя бакі, паколатыя стагоддзямі і людзьмі.