РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Вуснае выказванне «Можа, мала сябры яшчэ знаюць наш край»

Беларусь

Можа, мала сябры яшчэ знаюць наш край.
М.Танк

Ці ведаеце вы, паважанае журы, такі выраз, як “замыленае вока”? Гэта калі глядзіш на добра вядомы аб’ект і не заўважаеш, што ў ім нешта змянілася. Мне здаецца, што гэты выраз добра падыходзіць да нас, беларусаў, якія не лічаць сваю краіну цікавай, унікальнай і пастаянна ныюць, як шыкоўна жыць за мяжой. А між тым, падарожнікі, якія прыязджаюць у Беларусь з іншых краін, маюць абсалютна іншае меркаванне. Ім здаюцца цікавымі нават такія з’явы, на якія мы б ніколі ўвагі не звярнулі.
Возьмем, напрыклад, расіян. У інтэрнэце было праведзена апытванне: чым Беларусь адрозніваецца ад Рассіі. І тое, што называлі рэспандэнты, мне падалося даволі цікавым.
Ітак, дазвольце мне прывесці 30 фактаў пра Беларусь вачыма расіян.
1. У Беларусі толькі Мінск з’яўляецца горадам-мільянерам. Другі па велічыні горад — Гомель — налічвае каля 500 тыс. чалавек.
2. Мінск вельмі кампактны і зручны для жыцця горад; практычна круглы, у дыяметры каля 25-ці км. Да 1939-га года Мінск называўся Менскам.
3. Больш за шэсць стагоддзяў сталіцай Беларусі была Вільня (сённяшні Вільнюс). Гэты горад — калыска беларускай культуры. Толькі ў 1939-м годзе ён стаў літоўскім.
4. Служба ў арміі досыць працяглая — 1,5 гады. Адкупіцца, як у Расіі, немагчыма. Прызыўнікі могуць толькі пашукаць розных хвароб, каб «адкасіць» ад служэння Бацькаўшчыне. І многія, трэба сказаць, знаходзяць.
5. Самы вялікі ў Еўропе старажытны лес знаходзіцца ў Беларусі — гэта Белавежская пушча, у якой налічваецца амаль 2000 дрэў-волатаў. Па ўзросту некаторыя з іх старэйшыя, чым год адкрыцця Амерыкі Калумбам. Частка Белавежскай пушчы знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.
6. У Беларусі робяць крамбамбулю — алкагольны напой, настоены на мёдзе і травах. Яе можна піць як халоднай, так і гарачай. Шчыра кажучы, не ўсе беларусы самі ведаюць пра крамбамбулю.
7. У Беларусі няма рэлігійнай варожасці. Людзі абсалютна не цікавяцца, якое веравызнанне ў суразмоўцы.
8. У Беларусі добрыя дарогі, гэта адзначаюць усе аўтамабілісты. На дарогах якасная разметка.
9. Даць хабар інспектару ДАІ вельмі складана. Практычна не бяруць. Калі вас злавілі на аўтамабілі п’яным – правы забяруць адназначна.
10. «Мілавіца» перакладаецца з беларускага як «Венера». Аднак большасць людзей за мяжой асацыююць Мілавіцу з прыгожай жаночай бялізнай.
11. У Беларусі захаваны калгасы, усе палі апрацоўваюцца. Гэта асабліва заўважаецца пры заездзе з Расіі. Палі сапраўды дагледжаныя і вельмі прыгожыя. Няма пустазелля. Затое фермераў зусім мала.
12. Хлопцы з дзяўчатамі звычайна знаёмяцца ў навучальных установах, на працы ці ў кампаніі сяброў. На вуліцы знаёміцца з дзяўчатамі не прынята, як і гаварыць з незнаёмымі людзьмі.
13. У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская. А ў пачатку ХХ стагоддзя ў БССР было чатыры дзяржаўныя мовы: руская, беларуская, польская і ідыш.
14. На беларускай мове практычна ніхто не гаворыць, нават у вёсцы, аднак да яе ставяцца з цеплынёй. Многія беларусы ў глыбіні душы шкадуюць, што забыліся на сваю культуру.
15. Да беларусаў добра ставяцца за мяжой (у Польшчы, Прыбалтыцы, Чэхіі), але так як беларусы размаўляюць па-руску, іх часта спачатку блытаюць з расіянамі. Аднак пасля ўдакладнення нацыянальнасці адносіны мяняюцца ў лепшы бок. У ЗША мала хто ведае, што ёсць такая краіна — Беларусь. А тыя, хто ведаюць, адразу ўзгадваюць дзве рэчы: Чарнобыль і А.Г.Лукашэнка.
16. Вёскі ў заходняй і ўсходняй Беларусі ашаламляльна адрозніваюцца. На захадзе яны дагледжаныя, на ўсходзе — куды больш запушчаныя. Гэта кідаецца ў вочы.
17. У Беларусі нельга піць піва і спіртное на вуліцы. Аштрафуюць.
18. У краіне практычна няма неславян: неграў, кітайцаў, в’етнамцаў і г.д.
19. Сярод народаў Еўропы беларусы аднымі з першых надрукавалі сваю Біблію. Першадрукар усходніх славян— Францыск Скарына. Ён беларус.
20. І па сённяшні дзень у сталіцы Беларусі на пляцы Незалежнасці можна ўбачыць пастаўлены ў савецкія часы помнік Леніну. Увогуле, Леніны стаяць амаль у кожным горадзе, і іх не зносяць.
21. На вуліцах гарадоў практычна няма папрашаек і бамжоў. У любым мястэчку можна спакойна гуляць ноччу, не баючыся за сваю бяспеку.
22. Беларуска Вікторыя Азаранка доўгі час захоўвала тытул першай ракеткі свету.
23. Беларусь актыўна развівае хакей. Усюды будуюцца лядовыя палацы. На хакей вылучаецца сродкаў больш, чым на футбол, хаця людзі куды больш цікавяцца футболам (як і ва ўсім свеце).
24. У Беларусі па-ранейшаму не скасаваны смяротны прыгавор.
25. Беларусь два разы станавілася пераможцай дзіцячага «Еўрабачання».
26. У краіне шмат помнікаў Вялікай Айчыннай вайне. Падчас вайны загінуў кожны чацвёрты беларус.
27. У Беларусі развіта сельская гаспадарка. Краіна ўваходзіць у пяцёрку сусветных экспарцёраў малочных прадуктаў. Якасць прадукцыі сапраўды высокая. І ў дваццатку — па экспарце зброі.
28. Раней у Беларусі была ядзерная зброя, але яе вывезлі ў Расію на пачатку 90-х. Так што зараз Беларусь — бяз’ядзерная тэрыторыя.
29. Мяжы з Расіяй няма, можна заехаць у чужую краіну і не заўважыць гэтага.
30. У беларускія ВНУ нельга паступіць па блаце. Пасля 11-ці класаў вучні здаюць цэнтралізаванае тэставанне, якое вырашае лёс выпускнікоў.  Загадзя дазнацца пра тэст і правільныя адказы немагчыма. Здараецца такое, што дзеці дэканаў і рэктараў не могуць паступіць ва ўніверсітэт, дзе працуюць уласныя бацькі.
Вось так выглядае наша краіна вачыма іншаземцаў. Мне здаецца, зусім нядрэнна, ёсць чаму павучыцца. А вы як лічыце?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *