РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Вуснае выказванне «Народныя святы»

святы

Сёння цяжка, амаль немагчыма сказаць, хто першы прыдумаў святы. Але што яны неабходны ў жыцці чалавека, гэта кожны ведае. I справа не ў тым, што чалавек — не машына, яму трэба не толькі працаваць, але і адпачываць. Справа ў іншым — у чалавечай натуры, чалавечай душы ёсць патрэба ў абнаўленні, прыўзнятасці, урачыстасці, пасля якіх і працуецца, і жывецца быццам лепш. I гэта адчувалі ўсе людзі. Ды і падзеі ў жыцці бываюць такія, якія хочацца адзначыць, запомніць. I таму кожны народ мае свае святы, па-свойму іх аздабляе, святкуе.

Самымі важнымі сямейнымі святамі лічыліся радзіны, хрысціны і вяселлі. Іх праводзілі ў кожнай мясцовасці Беларусі са сваімі асаблівасцямі, традыцыямі. Так, напрыклад, важным элементам вяселля ў маёй мясцовасці, на Зэльвеншчыне, было сватаўство. І пакуль сваты абмяркоўвалі ўмовы вяселля ў хаце нявесты, мясцовыя дзяўчаты  высцілалі дарогу ад пачатку вёскі да дома нявесты саломай. А ў дзень вяселля каля дома нявесты юнакі ўстанаўлівалі вялізны шэст, які ўпрыгожвалі галінкамі бярозы, каляровай паперай, стужкамі.Устанаўлівалі з дапамогай коней, таму што шэст павінен быў быць настолькі высокі, каб яго было відаць з любога канца вёскі. Такая традыцыя ўказвала моладзі, у якой хаце сёння вяселле, калі яны вечарам прыходзілі на танцы.

Калі вяселле ад’язджала да маладога, то дружбанты абдзіралі са сцен у хаце маладой рушнікі, фіранкі, вышыўкі, накрыўкі на подушкі, скатвалі пасцель маладой, і забіралі ўсё з сабою. І ўжо ў новым доме гэта ўсё развешвалася як доказы працалюбівасці нявесты, яе добрага прыданага.

Акрамя чыста сямейных — радзін, хрысцін, вяселля, імянін — нашы продкі мелі і іншыя святы, звязаныя непасрэдна з работай, яе пачаткам і канцом. Закладваўся, снаваўся новы дом, новая хата — свята. Было і свята першай падваліны, першага вянца, акна, зруба, крокваў, печы… I апошняе, якое як бы закругляла ўсе ранейшыя — улазіны, наваселле. I так ва ўсім, што б ні браліся рабіць. Прычым не абавязкова пры гэтым была гарэлка, хоць і яе не цураліся.

Абавязковым было застолле — з песнямі, жартамі, прыгаворкамі, а іншы раз з танцамі (скокамі), карагодамі…

Мела сваё свята — і не адно! — і кожная пара года. Найбольш іх прыпадала на восень, зіму, калі і работы было менш і свята можна было справіць па-належнаму, бо было з чаго (увосень жа і верабей багаты). Былі сярод гэтых свят царкоўныя, прыўнесеныя царквой, але некаторыя царкоўнымі не назавеш, хутчэй царква іх прыстасавала да сваіх патрэб. Скажам, якое ж царкоўнае свята каляды, калі ходзяць па вёсцы каляднікі з «казою», «звяздою», «баранам», «панам», калядуюць пад вокнамі, спяваюць самыя вясёлыя, забаўныя песні. Ці ўзяць той жа Вялікдзень, калі фарбуюць яйкі, пякуць пірагі, смажаць і вараць мяса, сала, гатуюць іншыя прысмакі? Каляды — гэта провады старога і сустрэча новага года. Вялікдзень — свята вясны. Яны, гэтыя святы, як сцвярджаюць вучоныя, бытавалі сярод славян яшчэ да прыняцця хрысціянства. Асталіся тымі ж самымі святамі, што былі і раней, да прыняцця хрысціянства, толькі мадэрнізаванымі царквой, і святы памінання продкаў — дзяды і радаўніца.

Акрамя добра вядомых па ўсёй Беларусі свят, кожная мясцовасць мела і свае, асаблівыя святы. Так, напрыклад, на Палессі да нашага часу захавалася такое свята, як Святок. Яго па-іншаму можна назваць святам вёскі. Кожная вёска на пэўнае свята прымае да сябе радню і сяброў са ўсіх навакольных вёсак. Так, напрыклад, Святок у адной вёсцы прыпадае на Вялікдзень, у другой – на Юр’я, у трэцяй – на Купалле. У гэты дзень у кожнай хаце накрыты вялікі стол. І чым больш да цябе ў гэты дзень завітае гасцей, тым больш удалым і багатым будзе для цябе год. Што цікава, нікога на гэта свята не запрашалі. Любы чалавек, нават незнаёмы, мог прыехаць у госці, і шчырыя гаспадары яго віталі з радасцю.

Нашы продкі заўсёды імкнуліся кожнага бога ўзгадаць і належным чынам ушанаваць!

І горад і вёска, і стары і малы – усе рыхтаваліся сустрэць кожнае свята, як мага лепш!

Шкада, што многія святы страцілі сваю самабытнасць, многія элементы абрадаў адышлі ў нябыт. Затое з’явіліся чужыя, неўласцівыя нашай зямлі святы: Дзень Святога Валянціна, Хэлоўін. Яны таксама цікавыя сваёй непаўторнасцю, непадобнасцю да нашых, але так хочацца сёння сказаць: «Чужому навучайся, але свайго не цурайся!»