Ці заўважалі вы, што сучасныя школьнікі страцілі цікавасць да папяровай кнігі?! Ім значна цікавей вабіць час у прасторы інтэрнэту, чым вывучаць энцыклапедыі, чытаць мастацкія творы… Мяркую, гэта таму, што ў сеціве патрэбная інфармацыя знаходзіцца за некалькі секунд, прычым для гэтага не трэба бегчы ў бібліятэку ці ў кніжную шафу. Аднак ёсць адна кніга, папулярнасць якой не залежыць ад часу. Гэта кніга – прырода. Вывучаць яе можна ўсё жыццё, і так да канца не разгадаць усе таямніцы. Мабыць, таму усе людзі любяць начное вогнішча, пахі траў і зорнае неба.
У прыроды ёсць чаму павучыцца, асабліва ў жывёл і птушак. Іх вобраз жыцця, метады выхавання патомства, адданасць сям’і выкліваюць павагу і здзіўленне. Асабліва ўражваюць людзей лебедзі.
Чалавек здаўна пакланяўся лебедзям, паважаў іх за ганарлівы і непрыступны выгляд. Гэтыя рысы характару птушкі апяваў у сваім вершы Максім Багдановіч. У шматлікіх народаў Расіі, напрыклад, у якутаў, лебедзі з’яўляліся татэмнымі жывёламі. Манголы лічылі, што першыя людзі на зямлі былі зроблены з лебядзіных лап. Народы Сібіры верылі, што ўзімку лебедзі ператвараюцца ў снег, а вясной — наадварот. Старажытныя грэкі захавалі вобраз лебедзя на нябёсах. Яны называлі Млечны Шлях Лебядзінай Дарогай, так як падчас вясновага пералёту кірунак Млечнага Шляху прыблізна супадае з кірункам птушыных зграй. Адно з сузор’яў, размешчаных на Млечным Шляху, грэкі назвалі сузор’ем Лебедзя.
Здавалася б, усё цікавае пра лебедзяў даўно вядома і вывучана. Аднак гэтыя птушкі працягваюць здзіўляць назіральнікаў сваімі «чалавечымі» якасцямі. Напрыклад, лебедзі могуць падаць прыклад чалавеку ў вернасці і сяброўстве. Калі член зграі хворы і не можа здзейсніць пералёт, то ўсе лебедзі спыняюцца і чакаюць выздараўлення суродзіча, каб паляцець у вырай.
Усе ведаюць, што лебядзіныя пары, раз сустрэўшыся, доўгія гады жывуць разам. Нярэдка пасля смерці аднаго з лебедзяў, другі так да канца жыцця і не стварае новую сям’ю. Адсюль і з’явіўся выраз “лебядзіная вернасць”. Але гэта агульнавядомы факт. А вось пра тое, што птушанят можа высіжваць тата – ведаюць не ўсе. Калі падчас высіжвання птушанят з самкай здараецца няшчасце і яна гіне, лебедзь сядае на гняздо і замяняе сабой самку. Ён адзін дагадоўвае малых да таго ўзросту, пакуль яны не стануць на сваё крыло. Цудоўны прыклад для сучасных мужчын, як вы лічыце?!
Магчыма, каб чалавек больш прыслухоўваўся да свету прыроды, вучыўся ў яе насельнікаў шчырасці і адданасці пачуццяў, — свет быў бы дабрэйшым. Бо мудрасць прыродная складвалася тысячагоддзямі. Нездарма Якуб Колас пісаў: “Прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачыма кожнага з нас…”. Гартайце яе старонкі, і вам адкрыюцца такія таямніцы, якіх ніколі не знайсці на экране камп’ютара.