РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Вуснае выказванне «Таямніцы зямлі беларускай»

Як вы лічыце, чаму моладзь так любіць фільмы пра патаемнае, фантастыку, містыку? На мой погляд, таму што такія сюжэты вяртаюць нас у дзяцінства, у казкі, дзе кожны сябе ўяўляў смелым рыцарам або прыгожай паненкай, з якой адбываліся неверагодныя цуды.

Аднак містыку можна назіраць не толькі ў фільмах. Яна побач з намі, у суседняй вёсцы, на старым кургане, у рэштках замкаў і панскіх сядзіб. Вось толькі беларусы пра таямніцы сваёй зямлі ведаюць мала. Яны чамусьці лічаць, што ўсё самае загадкавае трэба шукаць за мяжой – у егіпецкіх пірамідах, англійскім Стоўхенджы. А ў нас – усё даўно вывучана і кожная таямніца разгадана.

І ўсё ж я намерана сёння разбурыць гэты стэрэатып. Беларусь – багатая скарбніца таямніц, якія да сённяшняга часу засталіся неразгаданымі. Не верыце?

Прапаную вам топ самых неверагодных дзівосаў нашай краіны.

Таямніца першая хаваецца ў Брэсце ў рэштках Бернардзінскага манастыра. Ад будынка засталіся толькі асобныя сцены. Аднак гісторыкі, якія праводзяць на яго тэррыторыі даследаванні, прыкмячаюць дзіўную рэч: калі зайсці ў падвал манастыра, то можна пачуць спевы манашацкага хору. Пры гэтым паблізу ніякіх іншых храмаў няма. Спевы чулі многія людзі ў розны час. Загадка да гэтага часу ніяк не растлумачана.

Таямніца другая. Тураўскія крыжы. У ваколіцах г.Турава пару гадоў таму выраслі з зямлі каменныя крыжы, якія, па легендзе, прыплылі ў горад па рацэ Прыпяць з Кіева. Першапачаткова крыжоў было 12. У часы Савецкага Саюза, калі адмаўлялі ўсе святыні, крыжы патапілі або глыбока засыпалі зямлей. Аднак сёння тры з іх зноў выйшлі на паверню. Адзін з крыжоў знаходзіцца на тэрыторыі могілак ля мясцовай царквы. Доўгі час ніхто не звяртаў увагі, што за камень высунуўся на паверхню, пакуль 5 гадоў назад не адкрылася яго крыжападобная форма. Мала таго, што крыж расце ў вышыню, ён яшчэ змяняецца і ўшыркі. І гэты факт зафіксаваны святарамі. Аднак, чаму так адбываецца, адказаць ніхто не можа.

Таямніца трэцяя. Беларускі Стоўхендж. Каля Полацка ёсць аналаг англійскага Стоўхенджа. На полі ў форме квадрата памерам 15 метраў размешчаны магутныя валуны. Самы вялікі камень стаіць асобна ад группы і ўказвае напрамак на поўнач. Даследчыкі лічаць, што ў старажытнасці такое збудаванне служыла абсерваторыяй, але дакладна разгадаць прынцып яго работы і сёння ніхто не змог.

 Таямніца чацвёртая. Гарадоцкія русалкі. На лясным возеры ля мястэчка Гарадок людзі заўважаюць русалак. Па легендзе, на дне гэтага возера знаходзіцца царква, затопленая самім Люцыферам. Праклятае месца сцерагуць русалкі, якія нагадваюць прыгожых дзяўчат. Іх бачаць не толькі ноччу, але і днем. Пазнаюць русалак на нерухомых ярка-сініх вачах, якія пранізваюць цябе наскрозь, вабячы ісці на глыбіню. Адзіны паратунак – крычаць “Чур мяне” або чарціць круг і чакаць у ім ,пакуль прыгажуня не знікне.

Таямніца пятая. Вампіры.

Вы думаеце, вампіры водзяцца толькі ў Румыніі, у замку графа Дракулы? А вось і не. У нас таксама ёсць паселішча вампіраў. Так называюць вёску Парэ Пінскага раёна. Вёска пабудавана такім чынам, што вуліц няма. Усе хаты знаходзіцца на значнай адлегласці адна ад другой. Паміж хатамі і вакол вёскі – мноства асінавых дрэў. Толькі ў вёсцы Парэ да гэтага часу захаваўся дзіўны звычай: труну з пакойнікам накрываюць дубовай калодай, каб нябожчык не ўстаў. Прычым кладуць яе не адразу, а пасля заканчэння Вялікадня. Да гэтага часу магілу запячатваюць магутным валуном. А ноччу мужыкі ставяць на магіле вялізны дубовы крыж вышынёй 5 метраў. Жыхары суседніх вёсак ніколі не ходзяць ноччу праз Парэ і вам не раяць.

Таямніца шостая. Прывід Чорнай панны. У пакоях Нясвіжскага замка да гэтага часу блукае прывід Чорнай Панны. У яе сілуэце людзі згадваюць атручаную жонку караля польскага Жыгімонта Аўгуста. Атруціла Барбару маці караля Бона Сфорца, якая люта ненавідзела Радзівілаўскі род і не жадала, каб яе сын браў шлюб з літоўскай “выскачкай”. Аднак каханыя павянчаліся ўпотайкі, а калі Жыгімонтаў бацька памёр і сын заняў трон, усё і адкрылася. Ашалелая ад нянавісці Бона з дапамогай свайго лекара атруціла Барбару. Маладая жанчына сканала ў страшэнных пакутах. Яе муж настолькі кахаў Барбару, што вырашыў з дапамогай алхімікаў выклікаць яе душу для размовы менавіта ў Нясвіжскім замку. Аднак калі прывід жонкі з’явіўся ў зале, кароль не выканаў галоўнае патрабаванне: сядзець на троне і не рухацца з месца. Убачыўшы здань каханай, ён паляцеў ёй насустрач, паспрабаваў абняць – і адбылося нечаканае. Выбухнуў узрыў – і душа каралевы не змагла вярнуцца назад. З тых часоў Чорная Панна блукае па пакоях і шукае выйсце ў іншы свет.

Таямніца сёмая. Белая панна з Гальшанскага замка. Яшчэ адзін жаночы прывід блукае для сцен Гальшанскага замка на Ашмяншчыне. Яго гісторыя пачалася з 17 стагоддзя, калі будавалі манастыр. Адна сцяна пастаянна развальвалася, а па звычаю такія праблемы рашалі, умуроўваючы ў праблемнае месца жывёл. Пакуль мумія жывёлы знаходзіцца ўнутры сцяны, абрушэння не будзе. Аднак для княжацкага манастыра ахвяра ў выглядзе ката ці сабакі выглядала нязначнай. Валхвы параілі будаўнікам замураваць кагосьці з жонак. Каб не сварыцца, мужыкі вырашылі, што ахвярай стане тая, што першай прынясе мужу сняданне. І вось самая маладая з жанок прыйшла на будоўлю, каб накарміць каханага, а яе схапілі і ўмуравалі ў сцяну. З тых часоў сцяна стаяла нерухома, а ў ваколіцах замка з’явіўся прывід маладой жанчыны. Яго неаднаразова бачылі работнікі музея, які зроблены ў сценах манастыра. Містыка!

 Ну як вам легенды? Уражваюць! Упэўнена, што гэта толькі сотая частка таямніц, якімі насычана беларуская зямля. Аднак вам ужо ёсць што расказаць сваім сябрам, якія лічаць, што Беларусь – разгаданы кантынент.

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *