Ці ведаеце вы, што ў сучасным свеце ўсё часцей ідуць размовы, што папяровая кніга хутка знікне, бо яе выцясніць электронны аналаг – рыдар. Наконт гэтага меркавання існуе два супрацьлеглых пункту гледжання. Адны людзі цвёрда ўпэўнены, што кніга сваё ўжо аджыла. Сёння рух жыцця паскараецца. 24 гадзіны ў суткі нам катастрафічна не хапае. Нават на паход у бібліятэку мы не заўсёды знаходзім час, асабліва калі яе будынак знаходзіцца далёка ад нашага дома.
А калі веды патрэбны імгненна? Вось тут і дапаможа інтэрнэт, які за некалькі хвілін выдае самую разнастайную інфармацыю. Наколькі лягчэй сёння падрыхтаваць паведамленне школьніку, пазнаёміцца з вопытам замежных калег дызайнеру. Перавагі інтэрнэта – неаспрэчныя! Тым больш, што амаль кожная беларуская сям’я мае камп’ютар, мабільныя тэлефоны з выхадам у Інтэрнэт. Таму людзям прасцей карыстацца не кнігай, а электроннымі сродкамі інфармацыі.
Але існуе і абсалютна іншае меркаванне: кнігу ніколі нішто не заменіць. Я таксама схіляюся да думкі, што папяровую кнігу, якая жыве ўжо многа стагоддзяў, не здолее знішчыць электронны рыдар. Як прыемна ў выхадны дзень, калі не трэба спяшацца ў школу, схавацца ў цёплую коўдру, узяць сваю любімую кнігу і атрымоўваць асалоду ад шапацення яе старонак, ад перачытвання любімых месц. Гэта надзейны спосаб зняць стрэс, пазбавіцца ад хандры.
Славуты Оксфордскі ўніверсітэт насычаны самымі якаснымі камп’ютарамі і ноўтбукамі. Але ў апошні час там узмацнілася цікавасць да папяровай кнігі. Псіхолагі правялі даследаванне, якое даказала: інфармацыя, прачытаная з кнігі, запамінаецца лепш, выклікае больш глыбокія развагі, чым электронныя веды. І хоць часу на пошук электроннай інфармацыі нам патрабуецца значна менш, але яна слаба замацоўваецца ў нашай памяці.
На карысць кнігі гаворыць і той факт, што чалавецтва ўсё больш паднімае праблему захавання электроннай інфармацыі. Колькі каштоўных кніг было страчана падчас пажару у Александрыйскай бібліятэцы Старажытнага Рыма, у Нясвіжскай бібліятэцы князёў Радзівілаў… Многа, але не ўсё. Асобныя фаліянты змаглі выцягнуць з палаючых будынкаў.
А што будзе з электроннымі кнігамі, калі хакеры вырашаць узламаць сайт? Ім пад сілу ўскрываць сакрэтныя коды банкаў, дык ці зможа выстаяць віртуальная бібліятэка? Нават элементарны вірус пераўтварае мастацкі твор ў гару незразумелых сімвалаў, перакрэслівае шматгадовую працу аўтара.
Таму ўсё часцей людзі згаджаюцца з думкай, што важная электронная інфармацыя павінна дубліравацца на папяровым носьбіце, якім і з’яўляецца кніга. Але як да яе вярнуць моладзь, што прывыкла жыць хутка, браць інфармацыю імгненна? Творцы прыцягваюць увагу да папяровай кнігі незвычайнымі работамі.
Так, англійская мастачка Нікола Ноба пераўтварае старыя кнігі ў складаныя скульптуры шляхам складання іх старонак. Прычым яна робіць гэта не для продажу, а каб падкрэсліць, што ў кожнай кнізе – ўнікальны свет, які мы можам убачыць толькі тады, калі дакранемся да яе старонак. Паспрабуйце зрабіць падобнае з электроннай кнігай? Не зможаце!
Брайан Дэтмер з Чыкага пераўтварыў папяровую кнігу ў прадмет арт-мастацтва. З дамамогай пінцэта і іншых медыцынскіх інструментаў ён выразае дзівосныя шэдэўры, якія, канечне, ужо не прачытаеш, затое міма – не пройдзеш. Так кніжны хірург падкрэслівае, што змест кнігі можа быть такім жа незвычайным, як і яе знешняе аблічча.
Бібліятэкі свету пайшлі на цікавы эксперымент. Яны перафарбавалі з дапамогай графіці свае фасады ў кніжныя палічкі. Прычым месца на іх занялі толькі самыя паважаныя, знакамітыя аўтары. Такую арт-вопратку нацягнулі бібліятэкі ў Швецыі, ЗША, рускіх гарадах Дзімітраве, Цюмені, Санкт-Пецярбургу.
Усе гэтыя эксперыменты маюць адну мэту – вярнуць чытача да сапраўднай кнігі, з асаблівым пахам тыпаграфіі, багатай вокладкай, закладкамі на асобных старонках.
Любімая кніга – як стары сябар. Ты яго ведаеш даўно, але кожны раз пры сустрэчы адкрываеш нешта новае, знаходзіш думкі і словы, якія сугучны сэрцу. Навошта складаныя камп’ютарныя праграмы і 3Д фільмы, калі можна разгарнуць чароўную казку – і на гадзіну стаць князёўнай. І ўжо ніхто не перашкодзіць пражыць гэта жыццё: ні разраджаная батарэя, ні адключаная электрычнасць, ні вірус, ні колькасць грошай на рахунку. Ёсць ты і героі – а астатні свет няхай пачакае…
Вось чаму папяровая кніга не стане рарытэтам у 21 стагоддзі. Яна будзе жыць, займаць пачэснае месца на полцы побач з рыдарам, мабільнікам і планшэтам. Я веру ў гэта.
Бясследна нішто не міне,
Гісторыя кнігу адродзіць.
Ты — мост, па якім да мяне
Мінуўшчына ў госці прыходзіць.