РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Вуснае выказванне «З легендаў і казак былых пакаленняў…»

бусел

Беларускае мілагучнае слова ў бесклапотным дзяцінстве ўводзіць нас у дзівосны навакольны свет. Як чароўны ключ, адкрывае нам роднае слова разнастайныя цуды і таямніцы жыцця, зацягвае нас у прывабную і захапляючую далячынь падзей у бабульчыных казках і легендах. Затым у школе мы сустракаемся з ім на старонках кніг.

З далёкiх стагоддзяў нашы продкi перадалi нам словы, у якiх адлюстраваны цэлы сусвет, i слова — жывое — гучыць i дасюль у нашых iмёнах, прозвiшчах: Бусел, Бусько — прозвiшча пайшло ад назвы любiмай птушкi; Галавач — вiдаць, быў разумнейшы за iншых; Ждановiч — ад стараславянскага iмя Ждан, якое давалi першаму доўгачаканаму сыну.

Беларуская мова жыве, пакуль жыве Палессе, Гародня, Бярэсце, бо назвы паселiшчаў — гэта паэтыка краiны. Яны апавядаюць пра жыццё, схiльнасцi, побыт народа. Міжэрычы – знаходзяцца паміж рэкамі, Ваўкавыск – бо воўкі вылі, Зэльва – ад зялёны, зеляніна.

Родная мова — гэта духоўная сувязь чалавека з наваколлем, прыродай. У роднай мове сканцэнтравана духоўная сiла многiх пакаленняў беларусаў. Таму ў свядомым пазбяганнi нашай мовы мы губляем любоў i ласку роднай зямлi.

Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песні птушак, то суровае і грознае, як навальнічныя хмары.

Але чамусьці сёння дарослыя людзі настойліва пазбягаюць карыстацца сакавітымі беларускімі словамі, ды яшчэ і даказваюць, што было б нам усім і зручней, і  мэтазгодней карыстацца якой-небудзь адной мовай (у прыватнасці, рускай)?

Уявіце сабе, штоаднойчы вы выйшлі на вуліцу і ўбачылі вакол сябе абсалютна аднолькавыя твары, вочы, фігуры… Нешта накшталт механічных робатаў… Вельмі хутка ваша псіхіка проста не вытрымае такога!.. Так падзейнічала б на кожнага з нас і аднолькавасць дрэў, кветак, рэчак, палёў… Хутка ўсім надакучыць і адна агульная мова, бо ў ёй не будзе каларыту, вобразаў і пахаў роднай зямлі. Нездарма не прыжылася штучная мова Эсперанта, якая не мела духоўнага зместу. Бо галоўнае багацце жыцця — у ягонай разнастайнасці…

Навукоўцы сцвярджаюць сёння, што, па сутнасці, кожны гук чалавечай мовы адлюстроўвае вечныя вібрацыі Сусвету, якія і нарадзілі самое жыццё… Але… Толькі на той тэрыторыі, дзе ўзнік гэты самы гук. Нехта вельмі прыгожа сказаў, што гукі мовы — набор інструментаў, з дапамогай якога мы ствараем свет вакол і ўнутры сябе адначасова! І што ў кожнага народа той набор — экслюзіўны, і толькі гэтым інструментам ён можа ствараць Сапраўднае і Вялікае.

Сёння ўжо мала хто спрачаецца, што не столькі ў дасягненнях тэхнічнай цывілізацыі таго ці іншага народа, колькі ў яго духоўных дасягненнях галоўны выток яго адметнасці, моцы і прыгажосці. І мова — адзін з наймагутнейшых інструментаў тых дасягненняў. Яна проста заварожвае нас сваёй эстэтычнай гармоніяй і прыгажосцю. Нездарма кажуць: “Как красив и могуч великий русский язык!”, “Якая прыгожая і мілагучная наша цудоўная беларуская мова!”

Дарэчы, зусім нядаўна навукоўцы зрабілі адкрыццё, што ДНК — гэта такі ж тэкст, як і тэкст кнігі. “Тэкст” той пастаянна знаходзіцца ў руху, мяняецца — нашы храмасомы жывуць сваім асаблівым жыццём. Даследчыкі на звышмагутных камп’ютэрах пралічылі, што структура паслядоўнасці ДНК і структура чалавечай мовы ў нечым ідэнтычныя. Такім чынам, наш генетычны апарат валодае бясконцай колькасцю моў. Праграма, запісаная на ДНК, па меркаванні навукоўцаў, не магла ўзнікнуць у выніку дарвінісцкай эвалюцыі — на гэта ёй спатрэбілася б у шматкроць больш часу, чым існуе наш Сусвет. Усё гэта яшчэ раз прымушае нас задумацца над біблейскім: “Напачатку было Слова…”

Мяркуюць, што фанетычны лад мовы абумоўлены ландшафтам мясцовасці, дзе ён утвараўся і фарміраваўся, ёсць гіпотэзы пра сувязь гукаў мовы з так званай натуральнай акустыкай, якая ў гарах іншая, чым у лясах або ў стэпе. Толькі ў беларуса — жыхара раўнін і гулкіх лясоў, глухіх балотаў -можна пачуць гук [ў], свайго земляка мы пазнаем па «дзеканні» і «цеканні» — адным словам, паводле Уладзіміра Караткевіча, «»эль» — як салодкае віно, «дзе» -як шкляной палачкай па крышталі, мяккае [с’] -як соннае ціўканне сінічкі ў гняздзе; і побач [р] — як гарошына ў свістку, і доўга, адкрыта, пявуча гучаць галосныя, а [г] прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзіцяці, каб перастала сніць дрэнны сон».

Толькі зведаўшы поўна ўсе багацці родных гукаў, наталіўшы душу кроўным табе словам, здолееш даўмецца, якая глыбіня ў пявучых словах Уладзіміра Караткевіча: «Дык што ж лепшае за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе, старадаўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!»