3 сакавіка 1067 года, роўна 950 гадоў таму, адбылася бітва на рацэ Няміга паміж войскамі полацкага князя Усяслава Брачыслававіча і кіеўскіх князёў Яраславічаў. У той дзень нашы прайгралі, але менавіта гэты гістарычны факт дазволіў весці афіцыйнае летазлічэнне горада Мінска. За тысячагоддзе горад мяняў назву не аднойчы — і пра некаторыя факты вы наўрад ці ведаеце.
1 ФАКТ. ПЕРШАПАЧАТКОВАЯ НАЗВА МІНСКА — НЯМІГА
У «Аповесці мінулых гадоў», дзе ўпершыню згадваецца наш горад 1067 года, Яраславічы спачатку пайшлі на Менск, усё разбурылі, а потым рынуліся … «да Нямігі». Не на Свіслач, якая ў тыя часы была досыць буйной ракой, і не «на Нямігу», як тады казалі пра рэкі. Гэты дзіўны абарот (да…) даў права некаторым гісторыкам гаварыць пра тое, што старажытны Менск стаяў за 15 км ад гістарычнага цэнтра нашай сталіцы. А горад Няміга стаяў на месцы аднайменнай станцыі метро. Г.зн. сёння, фактычна, горад Няміга схаваўся ўнутры Мінска, як матрошка.
2 ФАКТ. МІНСКАМ НАШ ГОРАД СТАЛІ ЗВАЦЬ ПАЛЯКІ
Чаму ж Менск сталі называць Мінскам? Некаторыя навукоўцы лічаць, што ва ўсім вінавата паланізацыя Вялікага Княства Літоўскага. У польскую мову форма напісання Мінск (праз “і”) прыйшла з лацінамоўных тэкстаў, дзе назва горада падавалася як Minscum.
Калі ж у канцы XVIII ст. расійскія ўлады пераводзілі польскія варыянты назваў беларускіх гарадоў з лацініцы на кірыліцу, і ў рускай мове замацавалася агульнапрынятая форма напісання «Мінск». Зрэшты, мінчукі нават у пачатку ХХ стагоддзя называлі свой горад Менскам, у адрозненне ад польскамоўных гараджан, якія гаварылі выключна «Міньск», і ад рускіх чыноўнікаў, для якіх існавала толькі назва «Мінск».
3 ФАКТ. НАЦЫСТЫ ЖАДАЛІ ПЕРАТВАРЫЦЬ МІНСК У АСГАРД
У нацыстаў быў свой план адносна Беларусі і Мінска ў прыватнасці. Пасля канчатковай перамогі планавалася выкарыстоўваць нашу краіну як «сметнік» для расава і ідэалагічна непаўнавартасных людзей: татальная ліквідацыя габрэяў і палякаў, германізацыя 25% беларусаў, астатніх — на высяленне. Па задумцы нямецкіх военачальнікаў, пасля перамогі за 15 кіламетраў на поўдзень ад разбуранага Мінска будзе створана новая сталіца. Нават падабралі назву: Асгард, дзе, згодна са скандынаўскай міфалогіяй, жыве Тор. Праўда, у беларускім Асгардзе павінны былі жыць германскія кіраўнікі. Як добра, што гэтыя планы не былі рэалізаваны.
4 ФАКТ. ПАСЛЯ ВАЙНЫ СТАЛІЦУ БССР ХАЦЕЛІ ПЕРАНЕСЦІ ЗА 15 КМ
Пасля вызвалення Мінска савецкімі войскамі і абмеркавання генеральнага плана яго забудовы некаторыя архітэктары і партработнікі прапаноўвалі перанесці сталіцу БССР на 15-20 км. Маўляў, горад моцна разбураны — хутчэй пабудаваць новы. Але, дзякуй Богу, гарачыя галовы хутка астудзілі: Мінск застаўся стаяць на сваім месцы, на месцы старажытнага Менска (ці ўсё ж такі Нямігі?).
5 ФАКТ. 26 ГАДОЎ НАЗАД МІНСК ЛЕДЗЬ ЗНОЎ НЕ СТАЎ МЕНСКАМ
У верасні 1991 года Мінску, сталіцы незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, ледзь не вярнулі яе старадаўнюю назву — Менск. Але не атрымалася: на дэпутацкім галасаванні гістарычнай назве «Менск» для перамогі не хапіла 31 голаса.
Нягледзячы на ўсе прыгоды з назвай, галоўны горад краіны стаў унікальным, яркім мегаполісам, неверагодна чыстым і маладым, бо ў ім сканцэнтравана самая перадавая частка беларускага насельніцтва — студэнты. І хто ведае, магчыма, праз 20-30 гадоў менавіта сённяшнія студэнты ,а ў будучым – кіраўнікі, дэпутаты, інтэлігенцыя — захочуць вярнуць гораду яго старажытную назву – Менск. Будзем чакаць гэтага часу…
очень помогло.Спасибо большое!!)