РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Пасля навальніцы»

Пасля навальніцы

Навальніца прагучала і сплыла, абудзіўшы раніцу. Паветра пахла канюшынай, жытам. Прымешваўся водар агурковага цвету, медуніцы і спелага кмену. Поле ажыло, п’ючы дажджавую расу.

Неба было чыстае, густое і высокае. Хмары зніклі раптоўна, як і наплылі. I не раз’юшаны і напорысты вецер пагнаў іх у белы свет. Яны апалі тут, над палямі і лугам, дажджавымі струменямі і парай. Потым сцяклі незлічонымі раўчукамі ў лагчыны, поячы глебу прэснай і свежай спажывай-вільгаццю.

Вільготныя жыты, што паабапал дарогі, дзе-нідзе пазгіналіся пад цяжарам калосся. Як несвоечасова кранула гэты край дажджавая навала. Ды нічога. Дзень-два пагоды — і калоссе пырсне зернем, просячыся ў бункер камбайна. Жаўтаватае ад сонца поле выглядае зусім васковым. Дарога, пятляючы, губляецца сярод яго.

Лёгка дыхаць пасля дажджу, лёгка ісці. Раптоўны буйны лівень прыбівае пясок, змывае са сцежкі сухую траву і прывялыя спарышы-лісточкі дробнай канюшыны. Яны плаваюць у лужынах на мутна-жоўтай вадзе.

Паводле І.Пташнікава

стар.101, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.