РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Начны бой»

Начны бой

Па зямлі плыў добры ціхі вечар, калі нарэшце была з’едзена салдацкая каша. Мінула яшчэ гадзіна — і адразу ж апусцеў сасняк, што рос каля школы. Артылерысты пастроіліся на дарозе і рушылі, ціха перагаворваючыся, услед за сваёй адзінай гарматай.

Уначы пачаўся на Бесядзі бой. Каля могілак грамыхалі, калоцячы зямлю, гарматы. Пад вокнамі школы, не заціхаючы, гулі машыны.

На рацэ Бесядзі, гэтай невялікай воднай перашкодзе, якую гарачым летам і курыца перайсці можа, немцы пратрымаліся ажно тры дні. Наша пяхота многа разоў падымалася ў атаку, але варожыя кулямёты, што стаялі на высокім правым беразе, кожны раз прымушалі яе адкаціцца назад, засесці ў сваіх акопах на ўскрайку лесу. Нарэшце камандаванне пад прыкрыццём гарматаў пераправіла цераз Бесядзь танкавую брыгаду. Танкі, рухаючыся ўздоўж ракі з усходу на захад, узламалі моцную нямецкую абарону.

Паводле І.Чыгрынава

стар.189, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.