РБ, Гродзенская вобл., г.п.Зэльва

+375291247534 gorchichko@mail.ru

Дыктант «Карэнне»

Карэнне

«Карэнне маё тут», — сказала бабуля, адмовіўшыся ехаць жыць у горад. Віталь задумаўся над бабулінымі словамі. Што яна мела на ўвазе? Сапраўды, калі перанясеш старое дрэва на іншае месца, то пашкодзіцца карэнне, загіне. А ў чалавека карэнне іншае, духоўнае. Гэта, напэўна, магілы бацькоў і дзядоў, да якіх бабуля ходзіць, як на спатканне, людзі, з якімі яна жыве ўсё жыццё, і лад жыцця, да якога яна прывыкла з маленства. Паспрабуй, памяняй яго ў такія гады. Гэта тое самае, што перасадзіць старое дрэва. Відаць, у гэтым мудрасць вясковага чалавека.

Віталь падумаў, што жылі вось яны ў вёсцы, дзе ён нарадзіўся, потым пераехалі аж на Урал, потым у Баранавічы. Нехта едзе жыць у Мінск, нехта яшчэ далей. Як да гэтых людзей прымяніць бабуліну філасофію пра карэнне? У іх хіба карэння няма? Ці тое карэнне вырастае толькі тады, калі доўга, усё жыццё жывеш на адным месцы?

Паводле Г.Васілеўскай

стар.195, зборнік дыктантаў для выпускнога экзамену, 2014 г.

Звярніце ўвагу на правапіс падкрэсленых слоў. У іх найчасцей вучні дапускаюць памылкі.